Судзяць былую бухгалтарку Мінскага электратэхнічнага завода — імаверна, за перадачу даных «Чорнай кнізе Беларусі»
Былую бухгалтарку Мінскага электратэхнічнага завода імя Вавілава Ганну Карняенка звольнілі пасля «Народнага ўльтыматуму» ў 2020 годзе, яна судзілася з прадпрыемствам па факце незаконнага звальнення. Доўгі час пра яе нічога не было чуваць.
22.05.2023 / 18:34
Ганна Карняенка. Фота: сацыяльныя сеткі
Цяпер стала вядома, што жанчыну судзяць. Суддзя Мінгарсуда Святлана Чарапанава пачала разгляд яе справы.
Набор артыкулаў, якія інкрымінуюць Ганне Карняенка наступны: арт. 203-1 ч. 3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і асабістых даных), арт. 130 ч. 3 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы). Раней па арт. 130 ч. 3 судзілі тых, хто перадаваў паведамленні ў бот «Чорнай кнігі Беларусі» — праекта, дзе акумулявалася інфармацыя пра асоб, датычных да рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі. Імаверна, Ганну вінавацяць у гэтым жа.
Святлана Чарапанава, суддзя па справе Ганны Карняенка, — ударніца палітычных рэпрэсій.