Вячорка і Саннікаў пракаментавалі выданню The New York Times памілаванне Пратасевіча

«Пераход спадара Пратасевіча ад героя-пакутніка да надта ганебнага калабарацыяніста — вельмі важная гісторыя, якая вучыць нас, наколькі жорсткімі бываюць дыктатуры, падобныя да рэжыму Лукашэнкі».

23.05.2023 / 21:38

Фота: БелТА

Раман Пратасевіч, як піша 23 мая выданне The New York Times, стаў сімвалам барацьбы за дэмакратыю, калі беларускія сілавікі арыштавалі яго, пасадзіўшы самалёт Ryanair. Цяпер жа Пратасевіч нечакана для многіх быў памілаваны, а былыя саюзнікі дагэтуль лічаць яго здраднікам.

На думку выдання, пасля ўсяго таго, што адбылося з моманту арышту Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, сярод беларускіх дэмакратычных сілаў існуе шырокі кансэнсус наконт таго, што Пратасевіч адвярнуўся ад іх і перайшоў на бок Лукашэнкі.

У якасці прыкладу The New York Times прыводзіць словы кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава, які падчас тэлефонага інтэрв'ю выданню вельмі рэзка выказаўся ў дачыненні да Пратасевіча.

«Калі ласка, не хваліце яго як змагара за свабоду. Ён вельмі цёмная фігура ва ўсёй гэтай гісторыі. Мы не хочам больш ніколі чуць яго імя. Ён здрадзіў сваёй дзяўчыне. Ён здрадзіў сваім сябрам і калегам. Ён здрадзіў усяму дэмакратычнаму руху», — сказаў Саннікаў выданню The New York Times.

Таксама ён дадаў, што адносна мяккае абыходжанне з Раманам у параўнанні з яго былой дзяўчынай Сафіяй пацвердзіла падазрэнні, якія даўно існавалі ў некаторых актывістаў дэмакратычных сілаў Беларусі.

«Ён з самага пачатку быў марыянеткай. Мы ніколі не давяралі яму. Я сказаў сябрам, каб яны не мелі з ім ніякіх спраў. Ёсць шмат людзей, якіх хваляць, але якія не апраўдалі чаканняў. Не стварайце герояў. Дастаткова проста быць прыстойным чалавекам», — падкрэсліў Саннікаў.

Сваё меркаванне наконт Пратасевіча таксама выказаў выданню і дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Ён абвінаваціў Рамана ў тым, што той дамогся свайго памілавання менавіта дзякуючы супрацоўніцтву з КДБ.

На яго думку, такое супрацоўніцтва ставіць пад удар дзясяткі і сотні людзей, што вельмі складана дараваць. Але пры гэтым Вячорка перасцярог публіку і ад прамога ганьбавання Пратасевіча.

«Пераход спадара Пратасевіча ад героя-пакутніка да ганебнага калабарацыяніста — вельмі важная гісторыя, якая вучыць нас, наколькі жорсткімі бываюць дыктатуры, падобныя да рэжыму Лукашэнкі. Мы не ведаем, якія катаванні яны ўжылі супраць яго, але мы бачылі яго па тэлевізары і ён быў проста знішчаны. Ён выглядаў вельмі няшчасным, хворым, збітым, і яго ўвогуле не павінна было там быць. Сам я не ведаю, як бы асабіста павёў сябе ў такой сітуацыі», — распавёў Вячорка ў каментарыі для New York Times.

Памілаванне Рамана Пратасевіча, па словах Вячоркі, з'яўляецца часткай доўгай і бруднай гульні беларускіх уладаў па задушэнні іншадумства, а таксама паказвае выдатны прыклад таго, што хоча бачыць Лукашэнка ад усіх сваіх сапернікаў.

«У вачах Лукашэнкі Раман стаў лаяльным і паслухмяным чалавекам. Лукашэнка вельмі хацеў бы, каб кожны палітвязень паводзіў сябе як Раман. Па сутнасці, Раман публічна прынізіў сябе, і гэта менавіта тое, што Лукашэнка імкнецца паказаць ў якасці ўрока яго іншым сапернікам у выгнанні», — адзначыў Вячорка.

Нагадаем, што да свайго памілавання Раман Пратасевіч атрымаў пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі, але пры гэтым ён не быў адразу ўзяты пад варту. У той жа час яго былая спадарожніца Сафія Сапега была адпраўленая ў калонію на 6 гадоў і проста цяпер чакае рашэння па сваёй экстрадыцыі ў Расію.

Адметнае тое, што нягледзячы на ​​супрацоўніцтва са следствам, Сафія пры падачы прашэння аб памілаванні, у адрозненне ад Пратасевіча, атрымала адмову, што ўжо пракаментавала яе родная цётка.

Чытайце таксама:

Што можа азначаць памілаванне Пратасевіча? Тлумачаць аналітыкі

Рудзік: Сітуацыя з Пратасевічам можа быць нашмат больш страшнай, чым мы сабе ўяўляем

«А я рады, што Пратасевіч не будзе сядзець 8 гадоў». Завочная дыскусія Свярдлова і Лявончыка

Марк Рыхтэр