У каментах у Instagram можа адбыцца перадазіроўка GIF-файламі
Цяпер вы можаце проста хутка пакінуць анімацыю ў якасці каментара да паведамлення ці відэа замест таго, каб прымушаць сябе што-небудзь напісаць.
25.05.2023 / 19:56
Гэтая і ўсе наступныя выявы: Meta
Магчыма, цёмныя часы надышлі для каментаў у Instagram. Зараз кожны ахвотны зможа запампоўваць GIF-файлы. Такім чынам, аматарам пачытаць каментары ў Instagram прыйдзецца нясоладка: апроч мірыядаў эмоджы з баклажанамі, у раздзел каментароў дададуць яшчэ GIF-выявы з мопсамі на арэлях і з Лукашэнкам, які корміць морквай Стывена Сігала (так, ёсць і такое).
Функцыя раней ужо была ўключана для некаторых карыстальнікаў у рэжыме абмежаванай даступнасці. Цяпер Meta разблакавала гэтую функцыю для глабальнага выкарыстання, і яна павінна ўжо быць даступнай для ўсіх. GIF-файлы запампоўваюцца праз бібліятэку Giphy, да якой можна атрымаць доступ, націснуўшы кнопку новага GIF-файла, якая знаходзіцца справа ад поля для ўводу каментароў.
Meta таксама выпускае новыя магчымасці рэдагавання Instagram Reels, якія дадаліся да новых функцый, падобных да тых, што ёсць у TikTok. Згодна з прэс-рэлізам, вы зможаце, напрыклад, раздзяляць відэа, паскараць ці запавольваць яго (рэжым слоў-мо).
Паскарэнне і запавольванне відэа
Нагадаем, што ў красавіку кампанія абвясціла пра вялікія змены, унесеныя ў працэс рэдагавання відэа. Цяпер карыстальнікі могуць наладжваць загружаныя відэакліпы, аўдыя, налепкі і тэкставыя накладкі на адным экране замест таго, каб рабіць гэта асобнымі этапамі. Кадры, якімі дзялілася кампанія ў прэс-рэлізе, паказваюць функцыю рэдагавання часовай шкалы, падобную да той, што ёсць у TikTok, якая дапамагае выбудоўваць аўдыя— і відэакліпы і робіць пераходы больш плаўнымі.
Рэдагаванне відэа, выведзенае на адзін экран
Карыстальнікі Instagram таксама атрымаюць новы спосаб пошуку папулярных відэа. Абнаўленне да таго ж уключае інструменты для стваральнікаў, якія дазваляюць аналізаваць прадукцыйнасць іх кантэнту і ўзаемадзейнічаць з фанатамі. Новы дадатак да прыборнай панэлі аналітыкі будзе паказваць агульны час, праведзены аўдыторыяй за праглядам Reel-відэа (уключаючы паўторы), а таксама сярэдні час прагляду, і будзе паведамляць стваральніку, калі новы падпісчык знаходзіць іх праз Reel-відэа.