У РНБА Украіны абвяргаюць заявы расійскіх СМІ аб раненні галоўнакамандуючага Залужнага
Сакратар РНБА Аляксей Данілаў напісаў у твітары, што Валерый Залужны дакладваў сёння ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і паставіў смайлік у пасце.
24.05.2023 / 17:45
«Прэзідэнт Украіны, вярхоўны галоўнакамандуючы УСУ Уладзімір Зяленскі 24.05.2023 у 10:00 заслухаў у Стаўцы даклады галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага і іншых членаў Стаўкі», — напісаў Данілаў.
Пра тое, што Залужны нібыта быў цяжка паранены ў пачатку мая ў Херсонскай вобласці і яму правялі аперацыю па трэпанацыі чэрапа, паведаміла сёння расійскае агенцтва «РИА Новости».
«Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Валерый Залужны атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і шматлікія асколачныя раненні ў выніку ракетнага ўдару па камандным пункце ў раёне сяла Пасад-Пакроўскае ў Херсонскай вобласці ў пачатку мая», — сцвярджала агенцтва са спасылкай на ананімнага прадстаўніка расійскіх сілавых структур.