Лукашэнка: Удзел у Мытным саюзе з Расіяй можа пярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі

Кіраўнік Беларусі заклікаў пераацаніць дасягнутыя дамоўленасці.

17.11.2009 / 15:52

daylife.com

Аляксандр Лукашэнка занепакоены тым, ці змог урад абараніць і цалкам ўлічыць беларускія інтарэсы пры фармаванні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Ён заклікаў пераацаніць дасягнутыя дамоўленасці.

18 лістапада ў графіку Аляксандра Лукашэнкі значылася нарада па фармаванні Мытнага саюза. Шараговая, здавалася б, падзея, скончылася нечаканымі заявамі.

Лукашэнка заклікаў урад пераглядзець дасягнутыя дамоўленасці па фармаванні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана: «Шчыра скажу, мяне турбуе, ці дастаткова абаронены і ўлічаныя беларускія эканамічныя і замежнапалітычныя інтарэсы на этапе ўзгаднення ўмоваў Мытнага саюза».

Кіраўнік краіны зазначыў, што і Расія, і Казахстан выбілі сабе палажэнні, якія адпавядаюць іх інтарэсам.

Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы з Адзіным мытным тарыфам, які плануецца ўвесці налета. «Ці зроблены дакладныя разлікі і аналіз па кожным кірунку і па кожнай таварнай пазіцыі на прадмет магчымых выгод або страт? Ці праведзена праца з беларускімі арганізацыямі і прадпрыемствамі па ўліку іх інтарэсаў і падрыхтоўцы да новых умоваў гаспадарання?»

Лукашэнка зазначыў, што саступкі непазбежныя, але яны павінны быць узаемнымі і збалансаванымі.

«А ў нас на сёння няма ніякай яснасці ні па пытанні аб адмене экспартных мытаў на нафту, якія ўжывае Расія, ні па адзіным цэнаўтварэнні на прыродны газ», — ці не ключавое прызнанне Лукашэнкі. На чорта той саюз, калі цэны на газ меншымі не будуць?

Ён адзначыў таксама, што і Расія, і Казахстан маюць магутныя сыравінныя рэсурсы і таму іх эканомікі будуюцца іначай, чым беларуская. Вось калі б у саюзе была Украіна, з якой у Беларусі падобныя эканомікі, весці перамовы было б прасцей, разважаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў, што «пры ўдзеле ў Мытным саюзе Беларусь страчвае частку свайго эканамічнага суверэнітэту ў пытаннях гандлёвых адносін з трэцімі краінамі і ў нейкай меры ставіць некаторых айчынных таваравытворцаў пад пагрозу».

Канчатковае рашэнне аб уступленні, падкрэсліў Лукашэнка, яшчэ не прынятае. «Любая памылка і пралік будуць дорага каштаваць краіне і народу», — казаў ён міністрам.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што " мы дыверсіфікавалі свой экспарт, імпарт, гандлюем з Еўрапейскім Саюзам, іншымі». «Ці зможам мы кампенсаваць страчаную выгаду ад супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, удзельнічаючы ў Мытным саюзе, сфармаваным пераважна на расейскіх умовах?» — спытаў Лукашэнка.

Па яго словах, «нельга забываць, што ўдзел Беларусі ў Мытным саюзе набывае геапалітычны сэнс, прытым глыбокі».

За чатыры дні да нарады ў Адміністрацыі прэзідэнта Асацыяцыя еўрапейскіх прадпрымальнікаў (Businesseurope) накіравала ліст на імя еўракамісара па гандлю Кэтрын Эштан з просьбай давесці да расійскага боку занепакоенасць у сувязі з стварэннем Мытнага саюзу Беларусі, Расіі і Казахстана. «Гэта пагоршыць умовы доступу еўрапейскіх экспарцёраў на рынкі гэтых краін, а таксама нанясе страту шэрагу еўрапейскіх галін, уключна з машынабудаваннем, сталеліцейнай вытворчасцю, вытворчасцю машыннага абсталявання і харчовых прадуктаў», — гаворыцца ў лісце.

Ідэя Мытнага саюзу нарадзілася ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Яе актыўна лабіраваў Пуцін. Мытны саюз склалі Беларусь, Расія і Казахстан. Таксама гэтая тройка разам мае намер разам уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Адзіны мытны кодэкс Беларусі, Казахстана і Расіі планавалася падпісаць 27 лістапада ў Мінску. Пасля падпісання, з 1 студзеня, на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана мае ўступіць у сілу адзіны мытны тарыф, а з 1 ліпеня 2010 году — Мытны кодэкс у поўнай меры.

Для Беларусі падпісанне дамовы азначала б істотны рост тарыфаў на ўвоз заходніх аўтамабіляў. Але гэта паўбяды. Удзел у Мытным саюзе намоцна прывязаў бы Беларусь да Расіі.

Калі Беларусь замарозіць пагадненні па Мытным саюзе, гэта можна будзе разглядаць як выбар інтэграцыі ў Еўрасаюз у якасці стратэгічнай мэты.

ЗП, цытаты БЕЛТА