Кацярына Раецкая расказала, як прымусіла Дзяніса Дудзінскага займацца домам і гаспадаркай

Былая вядучая «Славянскага базару», а цяпер аўтарка шоу аб фемінізме распавяла пра стаўленне да жанчын на беларускім тэлебачанні, размеркаванне абавязкаў у сям'і, жыццё ў эміграцыі і Беларусь будучыні.

28.05.2023 / 21:59

Кацярына Раецкая падчас інтэрв'ю. Стоп-кадр відэа

Вялікае інтэрв'ю з Кацярынай Раецкай выйшла на ютуб-канале «Максімальна». Прыводзім найбольш цікавыя моманты.

Ці былі праблемы з-за таго, што яна жанчына?

Кацярына згадвае, што праблемы ў яе былі з кіраўніцамі ці прадпрымальніцамі-жанчынамі. «Гэта моманты, калі тваю кандыдатуру не ўзгадняюць ці ўзгадняюць, а потым адмяняюць, таму што «адна сяброўка другую папрасіла». Іншых праблем з тым, што яна жанчына, не было да той пары, як Кацярына выйшла на тэлевізійную сцэну.

«Пакуль ты за кадрам — ты добры работнік. Мы робім праекты рознага маштабу, працуем у змешаных групах. Жанчына-прадзюсар, жанчына-рэжысёр. Вакол нас — мужчыны. І мы робім крутыя праекты. Але праблемы зʼявіліся, як толькі гэта стала візуальнай складовай часткай. Можа, з-за таго, што гэта звязана з жаданнем славы, з прафесійнай канкурэнцыяй»,

— згадвае свой асабісты досвед Раецкая.

Ці складана быць сімпатычнай?

Кацярына адзначае, што адносіны да чалавека, у якога «сімпатычная мордачка», накладваюць на яе ўладальніка адказнасць.

«Спачатку цябе ўспрымаюць як «сімпатычную мордачку», а толькі потым, калі да гэтага даходзіць, пачынаюць думаць пра твае здольнасці, пра тое, што ты можаш, як разважаеш».

Раецкая адзначае, што яе выгляд дазваляў несці гледачу станоўчыя эмоцыі і радасць падчас канцэртаў і выступаў на іншых мерапрыемствах. У той жа час, па яе словах,

«маладосць у спалучэнні з канвенцыйнай прыгажосцю ці мілавіднасцю ў беларускім шоу-бізнэсе і візуальнай сферы — прычына, па якой цябе будуць спачатку спрабаваць прыдушыць і зрабіць такою, як усе».

Якое стаўленне да жанчын на тэлебачанні Беларусі?

На погляд Кацярыны, тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне» ўзору 2012—2013 гадоў быў найбольш збалансаванай у адносінах да жанчын структурай.

«Гэта той выпадак, калі жанчыны навучалі жанчын і мужчын, жанчыны прымалі рашэнні, запускалі праекты. Хіба што гэта ў пачатку майго творчага шляху мяне і натхніла. Мне здавалася, што ў жанчыны няма ніякіх перашкод».

У той жа час у Белтэлерадыёкампаніі не было правілаў СТБ. «Там я сутыкнулася з такім падыходам: як «ты маленькая дзяўчынка», то «ты не будзеш тут прымаць рашэнні». Але БТ — гэта канал высокай канкурэнцыі. Там галоўны эфір. Напрыклад, навіны ці «Добрай раніцы, Беларусь». Таму і стаўленне больш строгае. Там кожны спрабуе на хвост наступіць адно аднаму. Гэта, хутчэй, жаночы варушняк. А чым яшчэ можна адрознівацца жанчынам з «нізкімі пастаўленымі галасамі» як не сяброўствам адна супраць другой, — згадвае Кацярына і адзначае:

Як аказалася, чым вышэйшыя рэйтынгі і большыя медыя, тым большая мізагінія, нянавісць, варожасць адносна жанчын».

Як змянілася жыццё са зʼяўленнем у ім фемінізму

Раецкая згадвае, што ёй заўсёды больш за ўсё падабаліся фільмы, дзе жанчына перамагае, можа, дасягае. Яна згадвае мультфільм «Мулан» (1998 года) і тэлесерыял «Зена — каралева воінаў» (1995—2001 гадоў), гераіні якіх былі для яе ўзорам.

«А прынцэсы, якія спяць у трунах, зусім не маё. Пасіўная пазіцыя па жыцці — не маё. Дзякуй дзіцячым мультфільмам, у якіх ужо ў мой час зʼяўляліся выдатныя актыўныя жанчыны. Таму фемінізм у маім бытавым успрыняцці быў заўсёды.

Я заўсёды ведала, што магу шмат чаго. Усе лідарскія конкурсы, дэпутацкія маладзёжныя палаты, усё, дзе важна было быць не на вачах, а там, дзе трэба было нешта арганізаваць. Лідар года — гэта маё другое я. Іншае мяне мала цікавіла», — адзначае Кацярына.

Прыкладам для Раецкай служыла яе маці, якая «паказвала, што шмат чаго можа. Яна цягне і сямʼю, і дзяцей, і працу. І можа кіраваць установай грамадскага харчавання. У мяне не было прыкладаў, дзе жанчына складвае рукі і гаворыць: «Ах, месца жанчыны…» І далей дадайце што заўгодна».

Таму, адзначае Кацярына, ад таго, што яна апошнім часам стала падкрэсліваць, што глядзіць на свет з фемінісцкіх пазіцый, яе свет не змяніўся.

«Гэта змяніла маё стаўленне да іншых жанчын. Я супраць усялякіх стэрэатыпаў адносна жанчын. Я дастаткова патрабавальная як да сябе, так і да іншых. Асабліва да жанчын. Лічу, калі я змагла, то і ты зможаш. Ці «я не змагла, але ты змагайся, ты малайчына». Таму маё жыццё змянілася менавіта адносна жанчын».

Пра размеркаванне адносін у сямʼі

Кацярына адзначае, што ў сямʼі, у якой яна вырасла, правы жанчыны, роўнасць партнёраў і падзел абавязкаў былі заўсёды.

«У маёй сямʼі мама і тата разам не жылі. Спачатку былі нюансы, звязаныя з тым, што жанчына адна выхоўвае дзіця. Але са зʼяўленнем айчыма я зразумела, што не ўсе мужчыны раскідваюць шкарпэткі, не ўмеюць мыць посуд. Ёсць мужчыны, якія бяруць на сябе пэўныя абавязкі па доме», — дзеліцца ўспамінамі Кацярына.

У сваёй сямʼі, заўважае Раецкая, яны з мужам узаемна ўплываюць адно на аднаго і стараюцца дзяліць абавязкі.

Яна пералічвае некаторыя свае прынцыпы.

«У мяне ёсць два правілы Кацярыны Раецкай. Першае — не бегаць за грамадскім транспартам. Я так вырашыла ў дзяцінстве, бо ўбачыла, як гэта выглядае збоку. Другое, пра што я вырашыла гадоў у 14, гледзячы на жанчын, якія вяртаюцца з працы нагружаныя сумкамі, — гэта падзел абавязкаў».

Кацярына адзначае, што ў яе сямʼі падзел абавязкаў грунтуецца не на дамоўленасцях, якія палягаюць на прынцыпе гендарнай роўнасці.

«Я ведаю, што Дзяніс не адрознівае чысты ўнітаз ад бруднага. Шмат у якіх мужчын оптыка трохі іншая. Мы па-рознаму ўспрымаем чысціню. Я, напрыклад, вельмі ўважліва стаўлюся да таго, каб не было ніякага бруду і пылу. Але ў пытаннях гатавання ежы, папаўнення запасаў, бытавых пытанняў мы дастаткова збалансавана жывём».

Дзяніс Дудзінскі — сэксіст?

Кацярына Раецкая на гэта пытанне заўважае, што яе муж, як і ўсе, рос у патрыярхальным грамадстве, якое прадугледжвае, што жанчына гадуе дзяцей, выхоўвае і даглядае. 

«Дзяніс вырас у савецкія часы, калі і жанчына, і мужчына працавалі і ў прафесіі рэалізоўваліся. Былі паспяховыя і інжынеркі, і архітэктаркі, кіравалі аддзеламі, заводамі. Але функцыя клопату заўсёды ляжала на жанчынах. Гэта абслугоўванне ўсіх вакол, хатні быт і гаспадарка. Таму ён гэта, як мог, нёс у наша жыццё. І я, магчыма, з-за асаблівасцяў свайго характару і таго, што я ўвабрала ад усіх гэтых муланаў і зен — каралеваў войнаў, гаварыла, што «не, так не будзе».

У мяне была фраза, якой я цяпер не карыстаюся: «Калі ты… (напрыклад, не сходзіш у магазін, не перастанеш раскідваць рэчы і г. д.), то мы будзем вельмі дрэнна жыць». І я гэтую фразу вельмі часта да 2020 года паўтарала. Я проста тлумачыла: «Калі ты не паклапоцішся пра змесціва халадзільніка, то і я не паклапачуся. Калі ты не папрацуеш, то і я не папрацую».

У працэсе мы склалі свае стэрэатыпы, трохі іх абтачылі. Таму я не магу назваць Дзяніса сэксістам».

Жыццё ў эміграцыі

Кацярына адзначае, што не можа сказаць, што нешта істотна змянілася ў эміграцыі. Па яе словах, яна займаецца прыкладна тым жа, асабліва за кадрам, — прадзюсіраваннем.

«Так, у мяне няма нейкіх выступленняў з песнямі проста з-за таго, што такая дзейнасць у групе «Да Вінчы» адышла. Што тычыцца правядзення мерапрыемстваў, фестываляў, то гэта ёсць.

Але мы ў тым часе, калі не да святаў, не да весялосці. Ёсць мерапрыемствы, звязаныя з нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, прасоўваннем нашай нацыянальнай музыкі ў эміграцыі, у дэмакратычных колах».

Калі гаварыць пра быт, то Кацярына сцвярджае, што ў ім нічога не змянілася: «Тут трэба зрабіць агаворку, што я гавару толькі пра сябе і сваю сямʼю, а не пра іншых людзей, «тэлевізійных зорак», якія мелі дамы за горадам, машыны.

У нас з Дзянісам вельмі нізкі ўзровень таго, што нам патрэбна. У Мінску мы жылі ў аднапакаёвай кватэры. Не мелі аўтамабіля. Ездзілі на метро».

Кацярына адзначае, што часта задумваецца над тым, што змянілася з яе эміграцыяй, акрамя таго, што ў яе «вырвалі сэрца разам з домам». Яна адзначае, што нават сябры ў сваёй большасці зʼехалі ў розныя краіны. У Беларусі засталося мала з тых людзей, з якімі яны мелі зносіны.

Раецкая адзначае, што цяпер яна не дазваляе сабе жыць.

«Я амбасадарка адкладзенага жыцця. Я вельмі добра разумею, што цяпер мае найлепшыя гады жыцця, мае залатыя 32—35 гадоў па мерках беларускага тэлебачання. Але я пакуль псіхалагічна не магу прыстасавацца. І не тое што да новай рэальнасці, бо добра разумею, дзе мы і што гэта.

Нават тое, што мы выязджалі не самі, а нас выцяснялі, гэта ўсё роўна наступствы майго выбару. Не пагаджацца з насіллем, з тым, што рабілі з людзьмі на Акрэсціна, не пагаджацца з тым жахам, які на нас выліўся, калі адчыніліся дзверы Акрэсціна».

На думку Кацярыны, іншае пытанне — пачынаць думаць пра нейкую будучыню. «Гавораць, што гэта якраз выхад з траўмы, калі ты пачынаеш фантазіраваць, будаваць планы. На жаль, мае думкі пакуль занятыя тым, што я магу зрабіць для таго, каб заставалася сувязь з людзьмі, з гледачамі Беларусі.

Жах страты кантакту з людзьмі ў Беларусі («вы адарваліся ад рэальнасці») мяне вельмі хвалюе.

Таму што я, як аказалася, так моцна люблю людзей, Беларусь і беларускасць, люблю свой дом, людзей, якія змянялі вакол мяне горад, стваралі прастору, адкрывалі ўстановы, стваралі спектаклі, бізнэс. Я так прывыкла да таго, што ўсе такія праактыўныя, не чакаюць, калі хтосьці нешта зменіць, а ўсё мяняюць самі. І здавалася, што гэта і ёсць нармальнае жыццё».

Па словах Раецкай, зараз ёй неабходна вызначыцца, ці сапраўды для яе важная сувязь з людзьмі ўнутры краіны, ці сапраўды яны адно аднаго разумеюць.

«Бо так можа аказацца, што ўсе мае зʼехалі разам з горадам і краінай, якую я любіла і люблю».

Кацярына не дазваляе сабе думаць пра будучыню. «Гэта цікавае замкнутае кола. Я не жыву цяпер і не думаю пра будучыню. Яшчэ пару гадоў назад у мяне былі думкі: «ну вось, зараз трошкі паднабяром і праскочым». Зразумела, што вайна ва Украіне ўсе гэтыя ілюзіі змяніла. Ужо няма таго, што мы ўяўлялі як вялікае вяртанне ў Беларусь, ці нейкай новай Беларуссю. Вельмі моцна змяніліся абставіны. Таму думаць аб будучыні не магу. І гэта мяне моцна засмучае».

Раецкае заўважае, што з захапленнем назірае за тымі людзьмі, якія адкрываюць установы ўжо за мяжою, будуюць нейкія медыяхолдынгі, засноўваюць фонды, дабрачынныя арганізацыі. «Трэба зрабіць крок і прызнацца, «давайце зараз тут жыццём пажывём і падумаем пра будучыню». Я ўсяму гэтаму вельмі зайздрошчу па-добраму», — дзеліцца сваімі думкамі Кацярына.

Цяпер галоўнае пытанне для Раецкай — ці дакладна для той Беларусі, якую яна ўсё яшчэ памятае і якую яна паважае і любіць, яна павінна нешта рабіць, ці павінна нешта рабіць для Беларусі ў эміграцыі.

Што будзе ў Беларусі будучыні Кацярыны Раецкай

Кацярына адзначае, што хацела б сказаць, што ў Беларусі будучыні будуць роўныя правы. Яна спадзяецца, што ў гэтай краіне будуць салідарнасць і ўзаемадзеянне.

«Мне здаецца, што раней, з таго моманту, як я памятаю нейкія крэатыўныя індустрыі, знаходзіўся герой ці гераіня, невялікае кола людзей, якія нешта змянялі насуперак усяму. Напрыклад, стваралі галоўную, буйную галерэю сучаснага мастацтва ў Мінску. Таму што ім гэта было патрэбна, бо гэтага ў горадзе не хапала. Ці бар, прастору, агенцтва. І гэта ўсё было насуперак таму, што перашкаджала. У Беларусі будучыні, я спадзяюся, салідарнасць памножаная на ўменне ўзаемадзейнічаць (а мы ўмеем, а мы ведаем як, а мы не развучыліся) будзе даваць плён».

Чытайце яшчэ:

«Ва Украіну маці праводзіла нібыта на вайну ў Чачню». Дзяніс Дудзінскі пра жыццё і працу ў Кіеве, стасункі з бацькамі і прапагандыстаў

Дудзінскі і Раецкая не будуць весці «Славянскі базар». Вядучы стаяў у чарзе ў Symbal.by

Тэлевядучая Кацярына Раецкая распавяла, як перамагла комплексы ад потных далоняў і выбітага зуба

Антось Жупран