Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Еўрапейскім судзе патрабавалі зняць з іх санкцыі. Не атрымалася
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Святлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк спрабавалі аспрэчыць санкцыі, якія Еўрапейскі саюз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 года. Еўрапейскі суд у Люксембургу пастанавіў адхіліць пазоў і абавязаў заяўнікаў аплаціць выдаткі адказчыка, піша reform.by.
29.05.2023 / 13:00
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк спрабавалі аспрэчыць санкцыі. Фота: БелТА
Любецкую і Амельянюка прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжа Дзмітрый Ліцвінскі. Яны трапілі ў санкцыйны пакет ЕС 21 чэрвеня 2021 года ў сувязі з тым, што ўзначальвалі Пастаянную камісію па заканадаўстве і ўдзельнічалі ў распрацоўцы і прыняцці рэпрэсіўнага заканадаўства ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
Прадстаўнікі беларускага рэжыму хацелі зняць у дачыненні да сябе санкцыі і патрабавалі аплаціць выдаткі, звязаныя з судом.
Яны матывавалі гэта тым, што санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці.
Акрамя таго, падчас слуханняў заяўнік удакладніў, што не меў намеру заяўляць аб парушэнні свабоды слова, што было адзначана ў пратаколе слухання.
Рада Еўрапейскага саюза, якая выступала адказчыкам у судзе, прадэманстравала вычарпальныя довады, якія абгрунтоўваюць уключэнне старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святланы Любецкай і яе намесніка Аляксандра Амельянюка ў санкцыйны спіс.
Акурат яны займаліся распрацоўкай абноўленага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўключыў шэраг новых артыкулаў, якія ўзмацняюць адказнасць у дачыненні да апанентаў рэжыму Лукашэнкі.
Суд ЕС стаў на бок адказчыка і 24 мая 2023 года адхіліў пазоў Любецкай і Амельянюка.
Любецкай і Амельянюку прадпісана аплаціць, у дадатак да іх уласных расходаў, расходы, панесеныя Радай ЕС.