Выйшла кніга «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт»
Выдавецтва «Пфляўмбаўм» выпусціла ў друк кнігу «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». Гэта выданне ўжо выходзіла маленькім прома-накладам у Берліне, дзе яго прэзентавалі летам 2022-га. Цяпер жа наклад дадрукавалі і кнігу можа набыць кожны ахвотны, паведамляе Reform.by.
30.05.2023 / 18:10
Фота: instagram/pflaumbaum
У зборніку «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт» сабраныя вершы ХХІ стагоддзя беларускіх паэтак розных узростаў, досведаў і моваў. Агульны лік паэтак ідзе на дзясяткі.
«Тут іх аб’ядноўвае адно: яны падаюць знак чытачам, шукаюць з чытачамі кантакту. Для кагосьці — гэта сустрэча са старымі знаёмымі. Для іншых — адкрыццё новай магчымасці быць пачутымі, убачанымі», — так апісвае свой праект выдавецтва ў сацыяльных сетках і прызнаецца, што гэта самая складаная ў падрыхтоўцы кніга, якую даводзілася рабіць.
Укладальніцай кнігі стала паэтка і ўніверсітэцкая выкладчыца творчага пісьма Вальжына Морт. Уступнае слова да зборніка напісала доктарка філалагічных навук Ульяна Верына.
Набыць кнігу афлайн пакуль можна толькі ў Вільні па наступных адрасах:
Кнігарня «Гартайка». Maironio g. 11 (прыватная школа Стэмбрыдж), Vilnius, Lithuania
Кнігарня «Eureka», Daukanto a. 2 / 10, Vilnius, Lithuania (цэнтр горада, каля пл. Гедыміна).
Замовіць анлайн з дастаўкай па ўсім свеце можна тут.
Чытайце таксама:
Выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» выдала тры кніжкі беларускіх паэтак ранейшых пакаленняў
Андрэй Саннікаў выдаў дыхтоўную кнігу пра турэмную кухню розных краін
У Мінску збіраюцца выдаць дзве незвычайныя кнігі пра Скарыну