Гайдукевіч і Гусачэнка таксама паспрабавалі зняць з сябе санкцыі ЕС. Але першы нядаўна сам прасіў яшчэ болей санкцый
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар ЛДП Алег Гайдукевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка таксама аспрэчвалі ўведзеныя супраць іх санкцыі ЕС, але Еўрапейскі суд 24 мая адхіліў іх пазовы. Цяпер ім давядзецца аплаціць судовыя выдаткі, піша reform.by.
31.05.2023 / 12:40
Аналагічнае рашэнне было прынята ў дачыненні да дэпутатаў Святланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка, якія таксама спрабавалі аспрэчыць санкцыі, што Еўрапейскі саюз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 года.
Сутнасць прэтэнзій Гайдукевіча і Гусачэнкі аналагічная пазову Любецкай і Амельянюка. На іх думку, санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці.
Гайдукевіч запэўніваў, што выказваў свой асабісты пункт гледжання як дэпутат, а Гусачэнка згадаў пра свабоду выказвання меркавання.
Адказчыкам выступала Рада Еўрапейскага саюза. Суд разгледзеў доказы бакоў і прыйшоў да высновы, што рашэнне аб увядзенні санкцый абгрунтаванае, а адказчык падаў пераканаўчыя тлумачэнні свайго рашэння: Гайдукевіч, па сутнасці, ёсць прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае медыя.
Гайдукевічу і Гусачэнку загадана аплаціць, у дадатак да іх уласных выдаткаў, выдаткі, панесеныя Радай Еўрапейскага саюза.
Гайдукевіч і Гусачэнка трапілі пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года.
Цікава, што яшчэ нядаўна Гайдукевіч дзякаваў ЕС за санкцыі, каб у чыноўнікаў і бізнэсменаў не было жадання нават глядзець у бок ЕС. «Увядзіце яшчэ сто пакетаў санкцый», — казаў Гайдукевіч.
А прапагандыст Гусачэнка запэўніваў, што не будзе аспрэчваць санкцый.
«Ці спрабую я аспрэчваць рашэнне ЕС у дачыненні да сваёй сціплай персоны? А што ў такім свеце можна даказаць? Давайце ўспомнім адзін з самых свежых прыкладаў — расследаванне інцыдэнту з самалётам RyanАir у Мінску. Колькі разоў ІКАО пераносіла дату справаздачы? У выніку заявілі, што Беларусь не змушала паветранае судна да пасадкі. Ці адмяніў пасля расследавання ЕС санкцыі супраць Беларусі і беларускай авіякампаніі? Зразумела, не. Пра што яшчэ можна казаць», — распавядаў ён «Советской Белоруссии».
Гусачэнку і Гайдукевіча прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжа Дзмітрый Літвінскі. Гэты ж адвакат выступаў ад імя Любецкай і Амельянюка.
У базе суда ёсць яшчэ некалькі пазоваў, пададзеных Літвінскім ад імя грамадзян Беларусі Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Скрыбы. У дачыненні да гэтых дзеячаў 21 чэрвеня 2021 года таксама былі ўведзеныя санкцыі ЕС. На момант увядзення санкцый Бахановіч быў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Рубніковіч — рэктарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце БДЭУ. Рашэнні па іх, мяркуючы па базе, яшчэ не прыняты.
Усе пазовы Літвінскім былі пададзеныя 5 лістапада 2021 года.
Учора прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў каментары «Нашай Ніве» расказаў, як дэпутаты спрабавалі апраўдацца ў судзе.