Месенджары, камеры, жучкі. Як спецслужбы могуць праслухоўваць беларусаў і чаго асцерагацца?
Магчымасць праслухоўкі — страшны сон любога беларуса. Расказваем, што могуць і чаго не могуць спецслужбы. Ці ставяць у тэлефоны «жучкі» і як праходзіць усталёўка праслухоўкі ў кватэры?
20.08.2023 / 11:29
Вось асноўныя моманты гэтага артыкула.
1. Не гаварыце на важныя тэмы па тэлефонах, і гарадскіх, і мабільных.
2. Лічыце, што ваш тэлефон небяспечны, калі ён пабываў у руках лукашыстаў. У ім могуць усталяваць шпіёнскія праграмы і аддалена, таму будзьце ўважлівыя з тым, якія спасылкі вы націскаеце і што ўстанаўліваеце.
3. Калі ў вас андроід, вы можаце выкарыстоўваць антывірус, каб мінімізаваць небяспеку звычайных траянаў. Ад праграм, створаных спецслужбамі, яны не абароняць.
4. Калі ў вас айфон, рэгулярна абнаўляйце яго да апошняй версіі.
5. Для сур'ёзных размоў выходзьце з дому без смартфона.
6. Вы ніяк фізічна не будзеце заўважаць, што вас падслухоўваюць: у тэлефоне не будзе шумаў, пстрыканняў ці іншых «нестандартных» гукаў.
7. Калі вы маеце падставы думаць, што вас могуць праслухоўваць ці назіраць за вамі з дапамогай шпіёнскай відэакамеры ці гуказапісной прылады, будзьце асцярожныя ў тым, што гаворыце і што робіце.
Праслухоўка размоў праз звычайны тэлефон
Спецслужбы Беларусі могуць запісваць тэлефонныя размовы і СМС-паведамленні беларусаў, а пры патрэбе нават атрымаць доступ да базавых станцый мабільных аператараў (пра гэта пісала Amnesty International яшчэ ў 2016-м, і малаімаверна, каб нешта змянілася да лепшага). Таму спецслужбы маюць магчымасць нават перахопліваць вашы СМС і званкі замест вас унутры Беларусі (з беларускіх сім-картаў): менавіта так захоплівалі тэлеграм-акаўнты некаторых актывістаў.
Калі ваша сімка ўстаўленая ў тэлефон, спецслужбы ведаюць таксама месца, дзе вы знаходзіцеся.
Людзей на праслухоўванне ставяць падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. У гэтым выпадку ўсе галасавыя размовы запісваюцца і праслухоўваюцца аператыўнымі супрацоўнікамі.
Тэарэтычна, каб запісваць размовы чалавека, патрэбная санкцыя пракурора і нейкія доказы, што чалавек учыніў злачынства. Але Станіслаў Лупаносаў, былы супрацоўнік ГУБАЗіКа, расказваў у праграме «Ток», што цяпер існуюць групавыя справы супраць удзельнікаў пратэстаў, таму атрымаць яе вельмі лёгка.
Абсталяванне МУС можа вытрымаць адначасовы бесперапынны запіс, па ацэнках Лупаносава, ад 7 да 10 тысяч чалавек.
Але аператары захоўваюць так званую «дэталізацыю» пра ўсіх абанентаў — гэта інфармацыя пра тое, хто і каму званіў або слаў СМС, да якой базавай станцыі быў падключаны чалавек, колькі ён спажыў інтэрнэт-трафіку, калі і ў якім аб'ёме. Таксама, хутчэй за ўсё, захоўваецца інфармацыя пра тое, якія сім-карты ўстаўляліся ў канкрэтны тэлефон. Гэта інфармацыя захоўваецца абсалютна пра ўсіх на працягу як мінімум пятнаццаці гадоў згодна з законам. Таксама цягам года на ўсіх беларускіх сайтах (якія падпарадкоўваюцца беларускім спецслужбам) захоўваецца інфармацыя пра аказаныя паслугі — то-бок гэта і вашы замовы ў інтэрнэт-крамах і іншыя рэчы, якія вы замаўляеце ў сетцы інтэрнэт.
Такім чынам, размовы па «звычайнай» тэлефоннай сувязі зусім не абароненыя перад спецслужбамі, і яны могуць займець да іх поўны доступ у любы момант. Пры гэтым не будзе аніякіх бачных знакаў таго, што вас праслухоўваюць.
Праслухоўка месенджараў
Тут у спецслужбаў нашмат меней магчымасцяў, але яны ёсць.
Каб праслухаць размову праз месенджар, трэба хоць на нейкі час займець фізічны доступ да тэлефона або зрабіць так, каб на тэлефоне ўстанавілася шпіёнская праграма — звычайна гэта робіцца шляхам падману чалавека або падчас затрымання ці выкліку на гутарку ў спецслужбу.
На пытанні аб праслухоўцы смартфонаў нам адказаў Аляксандр Азараў, які 10 гадоў прапрацаваў у ГУБАЗіКу:
«Ніхто цяпер не ставіць фізічныя «жучкі» ў смартфоны — толькі праграмныя. Бо навошта траціць некалькі гадзін на складаныя аперацыі, калі можна за пару хвілін паставіць праграмны «жучок»?
І паставіць такую праграму вельмі лёгка. Для гэтага дастаткова, каб тэлефон на дзесяць хвілін апынуўся ў руках спецслужбаў. Гэтыя праграмы могуць дазваляць уключыць мікрафон на тэлефоне, яны робяць скрыны экранаў і могуць рабіць фота.
Праграм шмат розных. Адзінае, па чым гэта можна заўважыць, — тэлефон будзе хутчэй разраджацца, прычым змены будуць даволі прыкметныя, але гэта не 100% гарантыя.
Больш уразлівыя тэлефоны на базе андроідаў, але ў асноўным гэта працуе для старых версій аперацыйнай сістэмы, таму андроіды варта своечасова абнаўляць.
Калі вы падазраяце, што ў вашым тэлефоне можа быць праслухоўка, то лепш цалкам скінуць налады тэлефона. Гэта можа быць напружна, але праграма ў такім выпадку выдаліцца. Таксама не варта даваць незнаёмым людзям ваш смартфон, а трымаць яго заўсёды каля сябе. У выпадку затрымання лепш аўтаматычна лічыць, што ў яго нешта паставілі».
Простая дэманстрацыя таго, як менавіта перахопліваюць, да прыкладу, СМС шляхам устаноўкі праграмы такога кшталту ёсць у навучальным відэа ад CyberYozh Security Group. У тым выпадку на Android-смартфоне атрымліваюцца правы суперкарыстальніка, але можна абысціся і без іх, атрымаўшы троху меней функцый.
Праслухоўванне кватэры і аўтамабіля
Дзеля таго, каб праслухоўваць кватэру, трэба прыкласці яшчэ болей намаганняў. Аляксандр Азараў тлумачыць:
«Супрацоўнікаў, якія займаюцца праслухоўкай, няшмат, можа, некалькі дзясяткаў. І яны выдзяляюцца толькі па вельмі важных справах. Плюс трэба гэта ўсё слухаць і глядзець, што патрабуе вельмі шмат часу ад аператыўных супрацоўнікаў. Уявіце сабе, абсталяванне піша без перапынку 24 гадзіны на суткі.
Фота: openclipart.org
Таму такое абсталяванне працуе можа якіх паўгода максімум, бо стаіць чарга, каб зняць яго і паставіць у іншую кватэру ці аўтамабіль — яно само вельмі дарагое, і яго таксама мала.
Каб паставіць абсталяванне для праслухоўвання, трэба, каб у кватэры мінімум 4—6 гадзін нікога не было.
Гэта складаная працэдура, бо трэба зрабіць абсталяванне непрыкметным — падключаецца яно часцяком да звычайнай электрычнай сеткі (у літаратуры апісаныя і больш мабільныя варыянты з убудаваным сілкаваннем ад батарэек, але надта доўга запісваць яны не могуць, бо батарэя даволі хутка вычэрпвае свой рэсурс. — «НН»).
У большасці выпадкаў ставяць гукавую праслухоўку. Бывае, што і камеры, што складаней і ўвогуле не заўжды магчыма — камеру значна складаней зрабіць непрыкметнай.
Большасці людзей такое не пагражае, але калі чалавек важны для спецслужбаў Беларусі, то цалкам магчыма, што яму паставяць такое абсталяванне».
У выпуску «Ток» іншы афіцэр, Станіслаў Лупаносаў, расказваў, што чалавека таксама могуць выклікаць у дзяржустанову па надуманай прычыне, зацягваць час, а тым часам ставіць у кватэры «жучок». У супрацоўнікаў Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці ёсць адмычкі і іншае абсталяванне. Могуць зрабіць копію ключа: калі вас пры выкліку ў дзяржустанову просяць здаць яго з рэчамі, пасля можна зрабіць злепак ці сфатаграфаваць побач з манетай — з гэтага майстар здолее вырабіць копію.
Выпадкі праслухоўкі памяшканняў апісаныя ў медыя.
Да прыкладу, відэакамера стаяла ў хаце аднаго з анархістаў, паставілі яе, пакуль ён быў на «сутках», КДБ праслухоўваў аднаго з некалі буйных бізнэсоўцаў праз звычайны роўтар (прыладу для забеспячэння інтэрнэт-паслуг), праслухоўваўся таксама офіс «Вясны», праслухоўку расстаўлялі і на асобных вуліцах.
Такім чынам,
1. Не гаварыце на важныя тэмы па тэлефонах, і гарадскіх, і мабільных.
2. Лічыце, што ваш тэлефон небяспечны, калі ён пабываў у руках лукашыстаў. У ім могуць усталяваць шпіёнскія праграмы і аддалена, таму будзьце ўважлівыя з тым, якія спасылкі вы націскаеце і што ўстанаўліваеце.
3. Калі ў вас андроід, вы можаце выкарыстоўваць антывірус, каб мінімізаваць небяспеку звычайных траянаў. Ад праграм, створаных спецслужбамі, яны не абароняць.
4. Калі ў вас айфон, рэгулярна абнаўляйце яго да апошняй версіі.
5. Для сур'ёзных размоў выходзьце з дому без смартфона.
6. Вы ніяк фізічна не будзеце заўважаць, што вас падслухоўваюць: у тэлефоне не будзе шумаў, шчаўчкоў ці іншых «нестандартных» гукаў.
7. Калі вы маеце падставы думаць, што вас могуць праслухоўваць ці назіраць за вамі з дапамогай шпіёнскай відэакамеры ці гуказапісной прылады, будзьце асцярожныя ў тым, што гаворыце і што робіце.
Чытайце таксама:
Кіберпартызаны выклалі запісы праслухоўвання беларускім МУС расійскай амбасады ў Мінску