У Канадзе знайшлі новы метад барацьбы з курцамі
Канада першай у свеце пачне друкаваць папярэджанні аб шкодзе курэння на кожнай асобнай цыгарэце, піша CNN.
01.06.2023 / 21:19
Канада першай у свеце пачне друкаваць папярэджанні аб шкодзе курэння на кожнай асобнай цыгарэце. Фота: Міністэрства аховы здароўя Канады
«Тытунёвы дым шкодзіць дзецям», «Цыгарэты выклікаюць рак», «Яд у кожнай зацяжцы» — такія надпісы курцу немагчыма будзе не заўважыць, бо яны будуць на кожнай цыгарэце. Надпісы зробяць на англійскай і французскай мовах.
«Новыя палажэнні пра вонкавы выгляд, упакоўку і маркіроўку тытунёвых вырабаў будуць часткай пастаянных намаганняў урада Канады па аказанні дапамогі дарослым, якія кураць, кінуць курэнне, па абароне моладзі і тых, хто не курыць, ад нікацінавай залежнасці і па далейшым зніжэнні прывабнасці тытуню», — гаворыцца ў прэс-рэлізе канадскіх чыноўнікаў аховы здароўя.
Новыя правілы ўступаюць у сілу 1 жніўня і будуць уводзіцца паэтапна: да ліпеня 2024 года папярэджанні пачнуць друкаваць на цыгарэтах павялічанага памеру, а да красавіка 2025 года — на звычайных.
Новае рэгуляванне з'яўляецца часткай планаў краіны знізіць ужыванне тытуню да менш чым 5% да 2035 года.
Чытайце таксама:
У Швейцарыі паралізаванаму мужчыну ўжывілі імпланты ў мозг і хрыбетнік. Цяпер ён зноў можа хадзіць
Штучны інтэлект дапамог навукоўцам стварыць новы антыбіётык супраць вельмі небяспечнай супербактэрыі