Байдэн паваліўся на сцэне падчас уручэння дыпломаў

Выпадак адбыўся ў чацвер у штаце Каларада.

02.06.2023 / 07:25

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паваліўся на сцэне падчас цырымоніі ўручэння дыпломаў у Акадэміі ваенна-паветраных сіл у штаце Каларада, піша AP.

Байдэн вітаў выпускнікоў у Каларада-Спрынгс, штат Каларада, і паваліўся, вяртаючыся са сцэны на сваё месца. Яму дапамог падняцца афіцэр ваенна-паветраных сіл, а таксама двое супрацоўнікаў Сакрэтнай службы ЗША.

Гледачы, у тым ліку некаторыя члены афіцыйнай дэлегацыі на сцэне, трывожна назіралі, як Байдэн, які ў свае 80 гадоў ёсць самым старым прэзідэнтам у гісторыі ЗША, вярнуўся на сваё месца, каб убачыць заканчэнне цырымоніі.

«Мяне закідалі мяшкамі з пяском», — з усмешкай сказаў прэзідэнт журналістам, калі вярнуўся ў Белы дом у чацвер вечарам.

Два маленькія чорныя мяшкі з пяском ляжалі на сцэне, падтрымліваючы тэлесуфлёр, якім карыстаўся Байдэн і іншыя выступоўцы на цырымоніі ўручэння дыпломаў.

«З ім усё ў парадку», — напісаў пасля інцыдэнту прадстаўнік Белага дома Бэн Лаболт у сваім твітары.

Nashaniva.com