Некалькі дзясяткаў чалавек памежнікі не пусцілі ў краіну — «Байпол»
На беларускай мяжы ўсё больш дбайна правяраюць людзей, якія заязджаюць у краіну. У чалавека могуць папрасіць паказаць тэлефон, адсканаваць замежны від на жыхарства, некаторых проста на мяжы затрымліваюць. А ёсць і тыя, каго не ўпускаюць у краіну. Пра гэта «Люстэрку» расказаў прэс-сакратар BYPOL Аляксандр Кабанаў.
02.06.2023 / 20:26
— Вядома як мінімум пра 20 такіх выпадкаў. Шмат сітуацый, калі чалавеку выставіць і няма чаго, але нейкія да яго асобы падазрэнні ўзнікаюць, таму прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь. Прычын не тлумачаць, — кажа Аляксандр Кабанаў, але канкрэтных прыкладаў з датамі і пунктамі пропуску не прыводзіць. — Уся інфармацыя прыходзіць нам у чат-боты, калі, напрыклад, нехта на мяжы назірае, як чалавека абшукваюць, адводзяць кудысьці, а праз час яго машыну паварочваюць. Ёсць і тыя, хто сам нам пісаў, што праверылі пашпарт, глядзелі нейкую базу звестак, а пасля апытання не пусцілі ў краіну.
Кабанаў адзначае, што сістэмы ў гэтых дзеянняў няма, праверкі праводзяць «рандомна».
— Ідзе папярэдняя падрыхтоўка да магчымага канфлікту на мяжы з Украінай. Цяпер памянялі начальніка Дзяржпагранкамітэта. Гэта звязанае з тым, як развіваюцца падзеі ва Украіне і што адбываецца ў Белгародскай вобласці. Сілавікі спрабуюць рыхтавацца да таго ж сцэнара, што на тэрыторыю Беларусі могуць заходзіць або ДРГ, або іншыя асобы, — адзначае ён. — Таму правяраюць тэлефоны, вывучаюць, якія кантакты ў чалавека ёсць, што ён глядзіць. Правяраюць па сваіх спісах «экстрэмістаў» сярод тых, хто ўязджае і выязджае. Усё адбываецца рандомна, таму што нашы спецслужбы да такой працы не вельмі прывыклі.
Чытайце таксама:
Лукашэнка: Захад рыхтуе сілавы сцэнар для змены ўлады ў Беларусі
Лукашэнка пашкадаваў, што Расія не пайшла больш маштабнай вайной на Украіну ў 2014-2015 гадах
Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў
Як пераходзіць расійскую мяжу? Парады даў Стрыжак
На мяжы з Польшчай сілавікі правяраюць тэлефоны ў тых, хто выязджае з Беларусі