«Гіпербалоід інжынера Гарына». Беларусь і Расія анансавалі, што ствараюць «вельмі магутную» лазерную зброю супраць беспілотнікаў 

Адно з беларускіх прадпрыемстваў запэўнівае, што новая сістэма зможа знішчаць беспілотнікі на адлегласці ў дзясяткі кіламетраў. 

03.06.2023 / 12:27

Прататып беларускага лазернага модуля магутнасцю 30 кВт і далёкасцю стральбы да 1,5 км. Быў прадэманстраваны на ваеннай выставе MILEX-2023 у Мінску беларускім прадпрыемствам «Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА». Якраз гэтае прадпрыемства і распрацоўвае з Расіяй новую лазерную зброю супраць дронаў. Фота: ТАСС

Беларусь і Расія ствараюць новую баявую лазерную ўстаноўку, якая зможа знішчаць дроны на вялікай адлегласці. Пра гэта паведаміла 30 мая расійскае агенцтва ТАСС са спасылкай на беларускае прадпрыемства «Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА».

Якраз гэтае прадпрыемства сумесна з іншымі двума расійскімі навукова-тэхнічнымі інстытутамі будзе на працягу двух гадоў распрацоўваць лазерную сістэму магутнасцю 100 кВт і далёкасцю стральбы «ў некалькі дзясяткаў кіламетраў» для знішчэння беспілотнікаў.

Па словах прадстаўніка беларускай кампаніі, прататып новай сістэмы пакажуць ужо сёлета, а сам лазер будзе «вельмі магутным».

«Маем сумесны праект з дзвюма расійскімі кампаніямі па распрацоўцы вельмі магутнай і дасканалай лазернай сістэмы для барацьбы з беспілотнікамі. «Гіпербалоід інжынера Гарына» чыталі (фантастычны раман Аляксея Талстога. — НН)? Вось новая ўстаноўка таксама будзе паражаць лазерным променем беспілотнікі на адлегласці дзясяткаў кіламетраў», — запэўнівае прадстаўнік «ЛЭМТ».

Сама кампанія, па паведамленнях ТАСС, ужо паказвала свой іншы прататып лазернай прылады на ваеннай выставе MILEX-2023, якая праходзіла ў Мінску яшчэ ў маі. Тады «ЛЭМТ» прадэманстраваў куды меншы па магутнасці баявы лазерны модуль з далёкасцю стральбы да 1,5 км, які можа пераносіцца ў кантэйнерах і ўсталёўвацца на транспарт. Гэтая сістэма нібыта прайшла паспяховыя выпрабаванні і спадабалася аднаму з заказчыкаў з Блізкага Усходу.

На сайце «ЛЭМТ» сказана, што кампанія займаецца даследаваннем і вытворчасцю оптыка-электронных прыбораў «падвойнага прызначэння» (то-бок для грамадзянскіх і ваенных патрэб). У асартыменце прадпрыемства фігуруюць некалькі катэгорый тавараў: аптычныя прыцэлы, кампаненты беспілотнікаў і сістэм СПА, прыборы для аховы дзяржаўнай мяжы, лазерныя далямеры, медыцынскае абсталяванне і г. д.

Зусім нядаўна «ЛЭМТ» і іншыя беларускія прадпрыемствы трапілі ва ўкраінскі санкцыйны спіс тэрмінам на 10 гадоў за ўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. 

Чытайце таксама:

Амерыканскія вайскоўцы ламаюць галаву: як збіваць танныя аматарскія беспілотнікі, асабліва калі яны атакуюць зграямі?

«Цуд айчыннай вытворчасці», паказаны Лукашэнку, аказаўся амерыканскім прадуктам

Ва ўкраінскім войску з'явіліся тры роты ўдарных беспілотнікаў

Марк Рыхтэр