Як плеценыя кошыкі ад пенсіянеркі з Камароўкі разлятаюцца ў розныя краіны
Нэлі Антонаўна пляла кошыкі і прадавала ў пераходзе ля мінскай Камароўкі. Яе заўважыла дызайнерка — і цяпер у іх круты праект. Гісторыю расказвае CityDog.io.
03.06.2023 / 09:32
Кошыкі ад бабулі з Камароўкі. Фота: інстаграм @kosh.koshik
Што за калабарацыя
Вольга, заснавальніца праекта @proekt_etika, які спецыялізуецца на кастамізацыі і апсайклінгу (перапрацоўцы рэчаў), аднойчы ўбачыла ў мінскай падземцы плеценыя кошыкі ад 85-гадовай Нэлі Антонаўны. Па словах дзяўчыны, у жанчыны няпростая асабістая гісторыя: яна жыве адна, пляце кошыкі і прадае іх у пераходзе каля Камароўкі.
На першым часе Вольга прапанавала прадаваць кошыкі ад Нэлі Антонаўны ў сваім Instagram.
«Я збіраю заказы і перадаю іх ёй, раз на тыдзень езджу за кошыкамі. Яна заўсёды з усмешкай мяне сустракае і дагэтуль не верыць, што яе кошыкі так усім падабаюцца, нават бянтэжыцца яшчэ трохі браць за іх грошы», — расказала дызайнерка ў каментары CityDog.io.
І вось днямі гэта душэўнае супрацоўніцтва перарасло ў агульны праект «Кош», у якога ёсць свая старонка ў Instagram і магчымасць замовіць кошык у любую кропку свету.
«У нашым КОШыкаўскім сусвеце ўсё трымаецца на плячах Нэлі Антонаўны, а мы, у сваю чаргу, ёй дапамагаем. На гэтай старонцы вы можаце знайсці кошыкі ў наяўнасці, запытаць аб чым-небудзь ды проста глядзець на прыгажосць, якую ствараюць цудоўныя рукі бабулі», — напісана ў допісе праекта.
Кошт маленькага коша — 30 руб., вялікага — 45 руб. пра наяўнасць трэба ўдакладняць, а адправіць кошык абяцаюць у любую кропку свету.
«Хочам маштабаваць дабро»
Па словах Вольгі, асобную старонку для кошыкаў вырашалі зрабіць, каб у гэтай душэўнай калабарацыі было самастойнае жыццё.
«Наогул нас цяпер трое — тры Волі, як тры кіты, толькі трымаецца ўсё па-ранейшаму на Нэлі Антонаўне, — смяецца дызайнерка. — Мы проста дапамагаем. Першая Воля вядзе ўсю камунікацыю з бабуляй і кліентамі, адмініць Instagram і робіць фотакантэнт (яна фатографка з выдатным густам). Другая Воля займаецца моўшанам. Ну, а я назіраю за ўсім збоку і часам дапамагаю трошкі менеджарыць. Ні ў каго з нас няма досведу вядзення падобных праектаў, таму мы вырашылі расслабіцца і проста рабіць тое, што атрымліваецца».
Як расказваюць дзяўчаты, Нэлі Антонаўна працягвае плесці ўсе кошыкі сама, але, магчыма, з'явіцца яшчэ хто-небудзь ёй у чаляднік, бо па стане самаадчування ў яе ўжо не атрымліваецца працаваць так актыўна, як ёй хацелася б. Гэтая ідэя пакуль у працэсе разгляду.
На пытанне, па якіх краінах за гэты час паспелі разляцецца кошыкі, Вольга адказвае, што геаграфія падарожжа кошыкаў велізарная.
«Там ужо амаль уся Еўропа і ЗША. Часам атрымліваецца, што кошт дастаўкі аказваецца вышэйшы за кошт самога кошыка, але гэта нікога не спыняе. Да мяне нават у Варшаве падыходзяць людзі са словамі: «О, а я ведаю гэты кош. Гэта ж бабуля ў Мінску пляце».
Думаем у будучыні дастаць з падземных пераходаў яшчэ некалькі розных пажылых майстрых, каб маштабаваць дабро. Вось абмяркоўваем гэтую ідэю цяпер актыўна (усміхаецца). А наогул атрымалася вельмі цікава, таму што за такі кароткі прамежак часу нам удалося з гэтых нікому, здавалася б, не патрэбных кошыкаў у падземным пераходзе зрабіць мастхэв кожнай беларускай модніцы».
Чытайце таксама: