Украіна стварыла ў Расіі сетку агентаў і перадае ім дроны кантрабандаю — СМІ

Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што праўкраінскія агенты ў Расіі здзейснілі атаку на Крэмль у пачатку мая, запусціўшы беспілотнікі з тэрыторыі Расіі, а не Украіны.

05.06.2023 / 14:37

Атака дронаў на Крэмль 3 мая. Скрыншот відэа

Украіна стварыла ў Расіі сетку добра падрыхтаваных агентаў для дыверсій і дае ім беспілотнікі ўласнай вытворчасці, якія, імаверна, трапляюць у РФ кантрабанднымі маршрутамі. Пра гэта піша CNN са спасылкай на крыніцы, знаёмыя са звесткамі амерыканскай разведкі.

Амерыканскія чыноўнікі лічаць, што праўкраінскія агенты ў Расіі здзейснілі атаку на Крэмль у пачатку мая, запусціўшы беспілотнікі з тэрыторыі Расіі, а не Украіны.

Няясна, ці былі іншыя атакі беспілотнікаў — у тым ліку адна, накіраваная на Маскоўскую вобласць, і яшчэ адзін удар па нафтаперапрацоўчых заводах на поўдні РФ — ажыццёўлены з расійскай тэрыторыі.

На думку службовых асоб, Украіна распрацавала дыверсійныя групы ўнутры Расіі, якія складаюцца з праўкраінскі настроеных людзей, добра падрыхтаваных для вядзення такога роду вайны.

Паведамляецца, што Украіна дала ім беспілотнікі ўкраінскай вытворчасці. Два чыноўнікі заявілі CNN, што няма ніякіх доказаў таго, што які-небудзь з удараў быў здзейснены з дапамогай амерыканскіх беспілотнікаў.

Чыноўнікі не змаглі дакладна сказаць, як Украіне ўдалося пераправіць беспілотнікі ў тыл ворага, але дзве крыніцы паведамілі CNN, што ўкраінскі бок стварыў добра адпрацаваныя кантрабандныя маршруты, якія могуць быць выкарыстаныя для адпраўкі беспілотнікаў або іх кампанентаў у Расію, дзе іх потым збіраюць.

Nashaniva.com