Легіён «Свабода Расіі» прапанаваў Прыгожыну абмяняць палоннага вагнераўцамі падпалкоўніка на палонных расіян, узятых добраахвотнікамі

Спікер легіёна «Свабода Расіі» з пазыўным «Цэзар» звярнуўся да Яўгена Прыгожына і ўсур'ёз прапанаваў абмяняць узятага ў палон вагнераўцамі камандзіра 72-ой брыгады УС РФ падпалкоўніка Рамана Венявіціна на салдат УС РФ, узятых у палон падчас баёў у Белгародскай вобласці.

05.06.2023 / 16:12

 

Камандзір 72-й мотастралковай брыгады Мінабароны РФ Раман Венявіцін на відэа ад ПВК «Вагнер». Скрыншот відэа

«Мы звяртаемся да вас, так як уся праўладная эліта ў асобе кавалера ордэна Мужнасці Гладкова баязліва адседзелася, пакінуўшы сваіх людзей у палоне, пакуль іх жа войскі накрывалі артылерыяй мірныя гарады», — гаворыць «Цэзар».

Ён прапанаваў «у якасці жэста добрай волі» абмяняць расійскага падпалкоўніка Венявіціна на некалькі байцоў УС РФ, узятых расійскімі добраахвотнікамі ў палон падчас баёў у Белгародскай вобласці.

«Гаворка ідзе пра сумленны абмен без дадатковых умоў. Дэталі абмену ўзгоднім дадаткова», — гаворыць на відэа «Цэзар».

Вечарам 4 чэрвеня прэс-служба Прыгожына выклала відэа з палонным расійскім падпалкоўнікам, у якім той прызнае віну за напад яго салдат на вагнераўцаў. Паводле яго слоў, ён быў у той момант «у стане алкагольнага ап'янення» і адчуваў «асабістую варожасць» да наймітаў.

«Я, падпалкоўнік Венявіцін Раман Генадзьевіч, камандзір 72-ой брыгады, са сваімі падначаленымі ў стане алкагольнага ап'янення і з-за асабістай варожасці раззброіў адну з груп ПВК «Вагнер» і абстраляў іх машыну. Я вінаваты», — сказаў падпалкоўнік Венявіцін на відэа.

Прычыну сваёй варожасці да наймітаў ён у відэа не агучыў, але пры гэтым пагадзіўся з вагнераўцам за кадрам, што «на вайне асабістай варожасці быць не павінна».

Таксама ўчора ў Белгародскай вобласці РДК прапанаваў губернатару Гладкову аддаць палонных расіян узмен на размову. Гладкоў на абмен не прыйшоў. 

Чытайце таксама:

ПВК «Вагнер» падчас узброенага сутыкнення з расійскімі салдатамі захапіла ў палон падпалкоўніка арміі РФ і прымусіла яго выбачацца на відэа

У Белгародскай вобласці РДК узяў у палон расійскіх вайскоўцаў і прапануе губернатару перамовы

Кіраўнікі легіёна «Свабода Расіі» паказалі новых расійскіх палонных 

Nashaniva.com