Лідары Афрыкі вырашылі абмеркаваць мір ва Украіне з Пуціным і Зяленскім

У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі, прэзідэнт Уганды Ёверы Мусевені, прэзідэнт Сенегала Макі Сал ды іншыя палітыкі.

06.06.2023 / 15:12

Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамафоса. Фота з Вікіпедыі

Лідары некалькіх афрыканскіх краін дамовіліся ўзаемадзейнічаць з прэзідэнтамі Расіі і Украіны Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім «на тэму элементаў спынення агню і доўгатэрміновага міру ў рэгіёне». Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце прэзідэнта ПАР Сірыла Рамафосы, які напярэдадні сустрэўся з калегамі з іншых краін кантынента, піша РБК.

У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі, прэзідэнт Уганды Ёверы Мусевені, прэзідэнт Сенегала Макі Сал і іншыя палітыкі.

«Міністрам замежных спраў адпаведных краін даручылі скончыць фармаванне «дарожнай карты» міру. Прэзідэнты пацвердзілі гатоўнасць адправіцца ва Украіну і ў Расею ў сярэдзіне чэрвеня», — гаворыцца ў заяве паводле вынікаў мерапрыемства.

У сярэдзіне мая Рамафоса абвясціў пра ініцыятыву афрыканскіх краін па мірным урэгуляванні вайны ва Украіне. Прадстаўнікі Замбіі, Сенегала, Конга, Уганды і Егіпта павінны наведаць Маскву і Кіеў — на гэта пагадзіліся Пуцін і Зяленскі, як казаў прэзідэнт ПАР.

Nashaniva.com