Беларускі фігурыст збірае 25 тысяч даляраў, каб выступаць за ЗША
Іван Дзясятаў, які выступае ў дысцыпліне танцы на лёдзе, абвясціў збор, каб адкупіцца ад Беларускага саюза канькабежцаў і выступаць за амерыканскую зборную.
07.06.2023 / 08:13
Ізабела Флорэс і Іван Дзясятаў.
Фота: instagram.com/isabellaflores
Дзясятаў хоча сабраць 25 тысяч даляраў. Паводле яго, акурат за такую суму саюз гатовы адпусціць яго. У суму ўваходзіць пакрыццё выдаткаў на трэніроўкі, піша Reform.by.
«На гэтым тыдні стала вядома, што Беларускі саюз канькабежцаў адпусціць Ваню… з умовай, што каманда павінна пакрыць Саюзу 25 тысяч даляраў за ўсе выдаткі на трэніроўкі Вані ў папярэднім сезоне. Сцісла: Ваня не зможа прадстаўляць Злучаныя Штаты, пакуль не будуць выплачаныя гэтыя 25 тысяч даляраў», — гаворыцца на старонцы збору сродкаў на платформе Gofundme.
Дзясятаў прадстаўляў Беларусь у сезоне 2021-2022. Праз два тыдні пасля пачатку вайны Дзясятаў пераехаў у ЗША.
«Ён прыняў спантаннае рашэнне пакінуць усё, што ведаў, каб атрымаць магчымасць уплываць на сваю будучыню незалежна ад геапалітыкі, якая адбываецца ў Расіі. Жадаючы выканаць сваю мару, ён забраніраваў рэйс у ЗША, амаль не ведаючы мовы, культуры, не маючы якіх-небудзь планаў», — гаворыцца на старонцы Дзясятава.
У пачатку чэрвеня 2022 года ён устаў у пару з Ізабелай Флорэс і ў канцы сезона 2022-2023 пачаў перамовы аб змене Федэрацыі.
Збор быў запушчаны два дні таму. На 08:10 паводле беларускага часу сабралі амаль 12 704 даляры.
Цяпер беларускія фігурысты адхіленыя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.
Чытайце таксама:
Алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце Улад Ганчароў будзе выступаць у самым знакамітым цырку свету
Cirque du Soleil пракаментаваў наём падпісанта пралукашэнкаўскага ліста