«У трэндах дачы». Эксперты расказалі, што адбываецца з продажам дамоў і што будзе далей
У маі паказчыкі продажаў загараднай нерухомасці выраслі, як і чакалі рыэлтары. Для прадаўцоў дач цяпер апошні шанец прадаць свае аб'екты па стартавай цане, потым цэны давядзецца зніжаць. Пачытайце, якімі назіраннямі падзяліліся эксперты з Realt.
08.06.2023 / 09:06
Андрэй Чарнышоў, аналітык агенцтва «Твая сталіца», параўноўвае графікі продажаў загараднай нерухомасці з горным хрыбтом, а май і чэрвень — з пікамі на іх.
— Напрыклад, у дакавідны час і, у прыватнасці, у 2019 годзе загарадная нерухомасць для патэнцыйнага пакупніка разглядалася ў вузкім сегменце. Пераломны момант адбыўся ў 2020-м праз каранавірус: праз жаданне людзей дыстанцыявацца і закрытыя межы цікавасць да загараднай нерухомасці вярнулася, у выніку чаго мы назіралі пік па здзелках. Пакуль той перыяд ніводны наступны сезон не абагнаў.
Што тычыцца цяперашняй абстаноўкі, то прадаўцы дач павінны разумець: калі яны не паспеюць прадаць у маі і чэрвені, далей попыт на іх аб'екты пойдзе на спад — гэта наглядна відаць і на штогадовых графіках продажаў. Такім чынам, знізіцца і цана.
Цяпер у трэндах дачы: каля 70% здзелак прыпадае на іх. Прычым глядзяць аб'екты розных цэнавым катэгорый і якасці.
Альтэрнатывай выступаюць катэджы.
— Калі пакупнік разглядае аб'ект вышэй за 40 тысяч даляраў, прапанова пашыраецца: можна выбіраць паміж дачамі і дамамі, дзе можна жыць у цёплыя пары года.
Чалавеку, які хоча быць у коле людзей, мець невялікі агарод, клумбы, адназначна падыдзе лецішча. Там не трэба шмат сіл марнаваць на газон і догляд за ўчасткам. Калі хочацца самотнасці, то варта разгледзець вёску, бо не ў кожнай вёсцы ёсць вялікая колькасць людзей нават улетку.
Эксперт заўважыў яшчэ адно адрозненне ад 2020 года. Тады беларусы часцей разглядалі старыя дамы. Людзей прыцягвала не сам будынак, а хутчэй лакацыя. Па сутнасці ўчастак даставаўся за капейкі. У апошнія гады ў агенцтве бачаць значнае падзенне цікавасці на такія аб'екты. Яны сталі нявыгаднымі, бо пакупнікі не могуць спрагназаваць выніковыя ўкладанні.
— Дамы камфорт-класа — ад 100 тысяч даляраў — таксама карысталіся вялікім попытам у 2020 і 2021 гады.
Патэнцыйныя пакупнікі гэтай катэгорыі нерухомасці цяпер з'ехалі з краіны, таму такімі аб'ектамі цікавяцца менш, — адзначае Андрэй і дзеліцца яшчэ адным назіраннем. — У катэгорыі аб'ектаў загараднай нерухомасці да 50 тысяч наяўнасць мэблі і тэхнікі лічыцца безумоўным плюсам. У дарагіх хатах камфорт-класа яна ўсё ж успрымаецца як б/к.
Яшчэ прадаўцам трэба разумець, што разам з ростам якасці аб'екта растуць і патрабаванні да мэблі, аздаблення і тэхнічнага абсталявання.
«Самы дарагі аб'ект у маі — дом даражэйшы за 400 тысяч даляраў»
Аляксандр Грынман, кіраўнік агенцтва нерухомасці «Група кампаній Марыэлт», адзначыў, што паказчыкі продажаў загараднай нерухомасці ў маі, як і чакалася, былі вышэйшымі, чым у папярэднія вясновыя месяцы.
— Дачы разляцеліся як піражкі. Але так можна сказаць і пра аб'екты іншых катэгорый. Добра прадаваліся дамы ў кансервацыі з максімальным працэнтам гатоўнасці і дамы для жыцця ў прыгарадзе Мінска — да 30 км.
Самыя хадавыя аб'екты для пражывання ўвесь год каштавалі ад 50 да 150 тысяч даляраў. Дачы — ад 5 да 50 тысяч даляраў. Калі кошт рынкавы, то купляюць дачу ці хату з першага ці другога паказу.
Самы дарагі аб'ект, які прадалі ў маі — дом даражэйшы за 400 тысяч даляраў. Ён выстаўляўся на рынку больш за паўгода. Гэта нармальны перыяд з улікам таго, якая сітуацыя з гэтым сегментам сёння.
Аляксандр упэўнены, што чэрвень яшчэ пакажа добры вынік па загараднай нерухомасці.
— У мінулым годзе на рынку было шмат новых дамоў прыдатных для жыцця да 50 тысяч даляраў.
У гэтым сезоне такія аб'екты доўга не затрымліваюцца. Пры гэтым кампаніі і людзі, якія гэтым займаюцца, узводзяць значна менш такіх дамоў, бо расце кошт матэрыялаў. За тую суму, якую яны атрымалі пры продажы, пабудаваць нешта падобнае ўжо не атрымаецца.
Эксперт адзначае, што для пражывання пакупнікі шукаюць дом у вёсцы ці аграгарадку, бо там можна зарэгістравацца. На любы напрамак ёсць свае пакупнікі. Лепей за ўсё прадаюцца лакацыі ў Брэсцкім баку, Гродзенскім, Маскоўскім, Лагойскім і Мядзельскім.
Што тычыцца пакупнікоў, якія набываюць дамы пад інвестыцыю, то за імі агентам назіраць складаней.
— Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі купляюць не першы такі дом і добра разбіраюцца ў пытанні. Яны паглядзелі ўсё, што прадаецца ў інтэрнэце і самастойна ездзяць па вёсках, шукаюць цікавыя лакацыі і аб'екты, а потым дамаўляюцца з уласнікамі.
«Няма пагоні за вялікімі ўчасткамі»
Святлана Нікіцюк з агенцтва «ЭТАЖИ Форте» таксама адзначае рост продажаў у маі. Вызначыўся месяц і тым, што ў гэты перыяд вырас попыт на дамы ў садовых таварыствах.
— Такую цікавасць пакупнікоў да дач можна растлумачыць, у першую чаргу, даступным коштам. Дом у вёсцы з падобнымі характарыстыкамі абыдзецца даражэй. Цяпер няма пагоні за вялікімі ўчасткамі. Моладзі і людзям ва ўзросце 10 сотак цалкам дастаткова для адпачынку і садоўніцтва. У цэлым па Мінскім раёне ў красавіку не прадалі ніводнай дачы даражэйшай за 100 тысяч даляраў, а ў маі — вышэй за гэтую суму прадалі ўсяго адну. Са 108 дач пайшлі з цаною звыш 50 тысяч даляраў толькі 9 аб'ектаў. Асноўны попыт быў засяроджаны на садовых хатках да 40 тысяч даляраў.
Таксама ў далейшым магчымы рост попыту на дачы дзякуючы нядаўна падпісанаму загаду аб садовых таварыствах ад 30 мая 2023, які істотна паляпшае іх дзейнасць і дае магчымасць аплачваць дачнікам электраэнергію па льготных тарыфах.
— Дамы з камунікацыямі прадаюцца лягчэй і даражэй, чым без іх. І хоць дачы прадаюцца цяпер у большай колькасці, кошт жылых дамоў значна вышэйшы. Што ў чарговы раз нам пацвярджае статыстыка, бо па Мінскім раёне прадалі 16 жылых дамоў даражэйшых за 100 тысяч, што значна больш, чым лецішчаў у гэтым цэнавым дыяпазоне.
Звычайна тыя, хто купляе дамы для жыцця, прадаюць свае кватэры, як кажа Святлана.
— Дарэчы, крэдыты на куплю загараднай нерухомасці ў асноўным бяруць толькі на больш дарагія аб'екты для пражывання ўвесь год. Купля дач і ўчасткаў абыходзіцца без гэтага.
Асноўная маса здзелак прыйшлася на другую палову мая, гэтаму спрыялі вялікія святы і пераносы працоўных дзён у канцы красавіка і пачатку мая.
Святлана таксама заўважае, што попыт у гэтым сезоне не дасягае вышынь 2020 года. Закрытыя межы і кавід тады максімальна актывізавалі рынак.
Сярод прадаўцоў вялікі працэнт займаюць беларусы, якія з'ехалі з краіны. Часта прадаюць нерухомасць пасля ўступлення ў спадчыну або ў сувязі са скасаваннем шлюбу. Сярод прадаўцоў, вядома, ёсць тыя, хто будаваў спецыяльна на продаж, радзей — калі пачалі будавацца, але не пацягнулі.
— Самы высокі попыт на куплю загараднай нерухомасці ў межах Мінскага раёна, але ёсць ахвотныя, якія разглядаюць лакацыю і далей. Некаторыя гатовыя марнаваць паўтары гадзіны на дарогу, абы знайсці ўнікальнае месца з якасным аб'ектам.
Рэдка, калі такія запыты звязаныя толькі з наяўнасцю лесу, такіх месцаў хапае і на бліжэйшых адлегласцях. А вось аб'ект ля вадаёма ці ракі знайсці значна складаней, і каштаваць паблізу Мінска ён будзе значна даражэй, чым у іншым рэгіёне Беларусі. Такія пакупнікі звычайна шукаюць хутар.
Сярод людзей з такім запытам часцей сустракаюцца аматары рыбалкі, паляўнічыя і тыя, хто мае магчымасць з'ехаць на ўсё лета, а таксама прадпрымальнікі, якія плануюць адкрыць турыстычны бізнэс і займацца арэндай.
Чытайце таксама:
Вырасла колькасць тых, хто купляе жыллё ў крэдыт
У Драздах на продаж выставілі новы дом за тры мільёны даляраў. Што ў ім?
Пад Мінскам прадаецца стыльная дача з бруса і з інтэр'ерам, як у Pinterest. Цана — як у двухпакаёўкі