Памёр Канстанцін Баландзін
Гісторыку і выкладчыку было 77 гадоў.
10.06.2023 / 14:36
Фота: прэс-служба БНТУ
Канстанцін Іванавіч Баландзін, кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай дзяржаўнасці, памёр на 78-м годзе жыцця, паведамляе прэс-служба БНТУ, дзе працаваў прафесар.
Канстанцін Баладзін скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут у 1973 годзе і паступіў у аспірантуру Беларускага політэхнічнага інстытута. З таго часу практычна паўстагоддзя яго жыццё было непарыўна звязана з БНТУ: аспірант, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, намеснік сакратара партыйнага камітэта ВНУ, загадчык кафедры, прарэктар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
З 2010 па 2022 год працаваў на пасадзе прафесара кафедры гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Аўтар больш за 125 публікацый: манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, брашур, артыкулаў.
«Яшчэ адзін нумар тэлефона зрабіўся непатрэбным — на той свет не дазваніцца. Быў час, мы даволі часта сустракаліся. Сагрэцца чаем у размовах, а то і чым мацнейшым, не паўлітрамі, канечне.
І ў кабінеце галоўнага корпуса Палітэха, і ў вучэбным корпусе на Партызанскім праспекце.
З ім цікава было гутарыць, бо і за тытуламі афіцыйнымі, і за арганізацыяй рытуальных ідэалагічных абавязкаў праглядвала беларуская душа і цяга к чыстаму.
Здаралася, ездзілі на Віцебшчыну да сяброў збіраць грыбы, пасядзець на беразе возера.
Пару месяцаў таму, мо крыху болей, планавалі зноў ірвануць туды, за Плешчаніцы.
Не склалася больш. І пра смерць Кастуся Іванавіча даведаўся пасля пахавання. І няма ў каго спытаць, дзе пахавалі, бо гэта той від сяброўства, калі адзін на адзін. Дачка ягоная даўно ў Нарвегіі, бацька вельмі ганарыўся, што яна там здолела стаць знакамітым выкладчыкам мовы, менавіта нарвежскай.
Пакуль самі жывыя, то і памяць пра добрых людзей будзе жыць», — напісаў адзін з яго сяброў у фэйсбуку.
«І хоць і не шырока публічна, але часам з іроніяй на пасяджэннях кафедры, часцей за чаяваннямі або пры сустрэчах у калідорах універа любіў выказаць пару несалодкіх слоў пра некаторых персон і пра падзеі. Задоўга да 2020-га.
А калі стала вядома аб маім звальненні і іншых калег, тэлефанаваў, забягаў на заняткі, удакладняў, спачуваў, пытаўся, чым мог бы нам дапамагчы. І тое ж самае некалькі разоў ужо пасля. Ды і сам з мінулага года адтуль пайшоў: як казаў, таму што змененыя курсы, ды яшчэ пад тупым ідэалагічным кантролем (і з рэзка павялічанымі гадзінамі) весці не хацелася. Апошні раз тэлефанаваў пару месяцаў таму — і зноў з непакоем, як мы і што», — напісала яго вучаніца.