«Ганебная абыякавасць». Зяленскі асудзіў рэакцыю свету на разбурэнне Кахоўскай ГЭС
«Цяпер, на жаль, бачым, што на некаторых узроўнях у свеце ёсць проста ганебная абыякавасць да экацыду і чалавечай трагедыі, выкліканай расійскім тэрактам на Кахоўскай ГЭС», — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім звароце да нацыі.
11.06.2023 / 01:35
Уладзімір Зяленскі
«Калі міжнародныя арганізацыі, якія павінны абараняць жыццё ў глабальным маштабе, нават за тыдзень не паспяваюць сфармаваць і адправіць выратавальную місію на акупаваную тэрыторыю, калі некаторыя сусветныя суб'екты не наважваюцца выйсці нават з выразнымі і моцнымі заявамі, якія б асуджалі гэта чарговае расійскае злачынства вайны, тэрарысты проста падсілкоўваюцца гэтай слабасцю свету, гэтай абыякавасцю — яно іх заахвочвае. І гэта мы павінны пераадолець. І пераадолеем», — цытуе Зяленскага «Украінская праўда».
«Расійскія абстрэлы працягваюцца, а таксама [абстрэлы] эвакуацыйных пунктаў. Ніякай рэальнай дапамогі людзям у затопленых раёнах — не дзеля прапаганды, а дзеля людзей — Расія не аказвае. За гэта павінна быць асобная, справядлівая і жорсткая адказнасць расійскай дзяржавы і расійскага кіраўніцтва», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна цісне і падахвочвае, каб міжнародныя арганізацыі, міжнародная падтрымка была на акупаванай частцы Херсоншчыны.
Ён адзначыў, што з падкантрольнай Украіне тэрыторыі Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей эвакуявалі ўжо больш за 3 тысячы чалавек. А на акупаванай тэрыторыі «толькі на некаторых участках атрымоўваецца дапамагчы людзям — расейцы робяць усё, каб ахвяр катастрофы было як мага больш».
«І міжнародныя арганізацыі павінны працаваць там, дзе мы яшчэ не дэакупавалі нашы тэрыторыі. Кожнае жыццё важнае — уся Херсоншчына, увесь поўдзень. Кожны горад і вёска. Мы будзем рабіць усё магчымае і немагчымае, каб дапамога прыйшла ўсім нашым людзям», — падкрэсліў Зяленскі.
Раней Зяленскі заяўляў, што здзіўлены рэакцыяй ААН і Чырвонага Крыжа на падрыў Кахоўскай ГЭС.
У ноч на 6 чэрвеня 2023 года расейцы ўзарвалі Кахоўскую гідраэлектрастанцыю, разбурыўшы машынную залу і плаціну, станцыю немагчыма аднавіць. Абмяленне Кахоўскага вадасховішча пагражае бяспецы Запарожскай АЭС.
Падрыў Кахоўскай ГЭС выклікаў экалагічную катастрофу. Вада з вадасховішча пачала затапляць гарады і вёскі, пачалася эвакуацыя. У выніку падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС пачаліся праблемы з падачай вады ў Крывым Рогу, Марганцы і Нікапалі.
Чытайце таксама:
Зяленскі пацвердзіў, што Украіна пачала контрнаступленне
Кахоўскую ГЭС падарвала расійская ДРГ — перахоп СБУ
Зяленскі: На чале Расіі стаяць нелюдзі, і гэта сёння найбольшая катастрофа для планеты