Не так важна выбраць «правільны» сонцаахоўны крэм, як важна пазбегнуць гэтых шасці памылак
Нанясенне на скуру мінулагодняга ласьёну або спрэю — гэта адна з памылак, якую робяць людзі, калі хочуць абараніцца ад сонца. За год актыўныя злучэнні ў гэтым крэме, імаверна, ужо расклаліся і згубілі сваю эфектыўнасць.
13.06.2023 / 18:58
Па даных СААЗ, захворванне на меланому за апошнія 50 гадоў вырасла ў сем разоў. Ад злаякасных новаўтварэнняў скуры штогод ва ўсім свеце памірае больш за 60 тысяч чалавек.
Дэрматолагі нагадваюць, што выкарыстанне сонцаахоўнага крэму адыгрывае «ключавую ролю» ў абароне скуры. За выключэннем дзяцей да шасці месяцаў, сонцаахоўны крэм рэкамендуецца наносіць усім. Хоць людзі са светлай скурай могуць быць больш схільныя да сонечных апёкаў, усе тыпы скуры ўразлівыя да ўздзеяння ультрафіялетавага выпраменьвання.
Выданне NPR папрасіла дэрматолагаў падзяліцца парадамі, як лепш абараняць скуру, і пералічыць распаўсюджаныя памылкі, што дапускаюць пацыенты.
1. Перажываеце за хімічныя рэчывы? Паспрабуйце мінеральную альтэрнатыву
Даследаванні паказваюць, што некаторыя актыўныя інгрэдыенты, што выкарыстоўваюцца ў хімічных сонцаахоўных крэмах, могуць усмоктвацца ў кроў (напрыклад, аксібензон), але пакуль няма ні доказаў бяспекі гэтай з’явы, ні доказаў шкоды. Большасць дэрматолагаў кажуць, што рызыка сонечных апёкаў намнога перавышае любую патэнцыйную рызыку ад сонцаахоўных хімічных рэчываў. Аднак, калі вы занепакоеныя, ёсць варыянты, як пазбегнуць гэтых хімічных злучэнняў.
Альтэрнатывай выступаюць фізічныя сонцаахоўныя крэмы, якія таксама называюць мінеральнымі сонцаахоўнымі сродкамі. Вырабляюць іх з аксіду цынку і дыяксіду тытану, і яны могуць фізічна блакаваць ультрафіялетавыя прамяні.
Мінеральныя сонцаахоўныя сродкі лепш падыходзяць для адчувальнай скуры, бо яны менш яе раздражняюць.
2. Нанясенне дастатковай колькасці сонцаахоўнага крэму гэтак жа важна, як і SPF
Па словах дактароў, дастаткова сонцаахоўнага крэму з фактарам абароны ад сонца 30 (SPF 30), бо такім чынам вы блакуеце каля 97% ультрафіялетавых прамянёў. З больш высокім SPF вы не атрымаеце нашмат больш абароны ад сонца.
Замест таго, каб засяродзіцца на лічбе SPF, дэрматолагі раяць звярнуць увагу на колькасць сонцаахоўнага крэму, якую вы наносіце.
Малая колькасць крэму — адна з памылак, якую дапускаюць многія людзі.
Лекары раяць выкарыстоўваць эквівалент чаркі (гэта недзе 40 грамаў вадкага сонцаахоўнага крэму), каб пакрыць ваша цела і твар. Калі вы пакрываеце толькі твар, выкарыстоўвайце прыкладна чайную лыжку.
3. Сонцаахоўныя сродкі з больш высокім SPF не дзейнічаюць увесь дзень
Многія людзі выкарыстоўваюць сродкі з сонцаахоўным фактарам SPF 50 ці нават з больш высокім фактарам абароны ад сонца, мяркуючы, што гэта дае ім больш працяглую абарону па часе. Але гэта не так.
Сонцаахоўныя сродкі з больш высокім SPF патрабуюць частага паўторнага прымянення, бо яны змываюцца, калі чалавек плавае ці пацее.
Дэрматолагі раяць паўторна наносіць сонцаахоўны крэм кожныя дзве гадзіны, каб забяспечыць поўную абарону.
4. Пахмурныя дні могуць прывесці да сонечных апёкаў
Многія людзі лічаць, што аблокі абараняюць іх ад сонца, і забываюцца пра сонцаахоўныя сродкі, але і ў пахмурны дзень можна абгарэць.
Аблокі блакуюць каля 20% сонечнага святла, але праз іх вы ўсё адно атрымліваеце каля 80% ультрафіялетавых прамянёў. Так што нават у пахмурнае надвор'е не забудзьцеся ўзяць з сабой сонцаахоўны крэм.
5. Галаўныя ўборы, адзенне і сонцаахоўныя акуляры таксама абараняюць ад сонца
Нават адзін дзень на сонцы можа абпаліць рагавіцу, а з часам знаходжанне на сонцы можа выклікаць катаракту. Аптымальны спосаб абароны вачэй — нашэнне сонцаахоўных акуляраў, якія забяспечваюць 100% абароны ад ультрафіялетавага выпраменьвання.
Ад сонца абараняюць галаўныя ўборы і адзенне. Ёсць нават спецыяльнае адзенне з убудаванай у тканіну абаронай ад сонца ад такіх брэндаў, як Columbia, Cotopaxi, Sombra і Mott50. Ёсць і парашкі, якія можна засыпаць у пральную машыну, каб пакрыць адзежу хімічным сонцаахоўным крэмам, — яны надаюць памытым рэчам SPF 30, які застаецца пасля не аднаго мыцця. І яшчэ адзін прадукт, які можа спадабацца сем'ям з маленькімі дзецьмі, — гэта УФ-налепкі на скуру. Яны мяняюць колер, калі трэба паўторна нанесці сонцаахоўны крэм.
6. Абнаўляйце крэмы штосезон
Ёсць сэнс купляць новыя сонцаахоўныя сродкі штосезон, бо хімічныя рэчывы ў іх слабеюць і з часам становяцца менш эфектыўнымі.
Не трэба захоўваць сонцаахоўны крэм у месцах, якія моцна награваюцца, напрыклад, у багажніку ці бардачку аўтамабіля, бо там ён псуецца пад уздзеяннем цяпла. Лепш увесь сезон захоўваць крэм у сухім халаднаватым месцы.
Больш матэрыялаў пра здароўе:
Сонцаахоўны крэм: кітайскія навукоўцы стварылі лепшы і больш бяспечны