Пратасевіч другі раз ажаніўся з той жа жанчынай. Хто яна?

Вяселле, па інфармацыі «Нашай Нівы», прайшло ў адной з мінскіх кальянных. Фотаздымак з рэгістрацыі выклаў сам Раман Пратасевіч, але твар абранніцы заблюрыў.

18.06.2023 / 12:23

Заблюранае фота з вясельнай цырымоніі

Раней Пратасевіч заяўляў, што ўжо быў жанаты. У сацсетках публікавалася нават фота ў ЗАГСе ў студзені 2019-га (але за 10 дзён да гэтага блогер пісаў у твітары, што каханая кінула яго за тыдзень да шлюбу, невядома, наколькі можна верыць гэтай інфармацыі).

Імя тагачаснай абранніцы не паведамлялася, Пратасевіч асабліва не расказваў пра яе.

Праўда, у базе «Кіберпартызанаў» інфармацыі пра ягоны ранейшы шлюб няма. 

Ужо ў маі 2019 года Пратасевіч выклаў пост у твітары, што пара падала на развод.

Пасля падзей 2020-га блогер выехаў з Беларусі і сустракаўся з іншымі дзяўчатамі. Адной з іх была Сафія Сапега. 

Па інфармацыі «Нашай Нівы», другі раз Пратасевіч ажаніўся з той самай дзяўчынай. Адзначалі вяселле нібыта ў адной з кальянных мінскай сеткі «Мята». 

Нам таксама стала вядома імя дзяўчыны. Яе завуць Маргарыта Грыцкевіч.

Яна скончыла Мінскі медыцынскі ўніверсітэт і, прынамсі, у 2018-м працавала правізаркай-рэцэптаркай у мінскай аптэцы № 58. 

Грыцкевіч другая злева. Фота: pharma.by

Знайсці сацыяльныя сеткі Маргарыты Грыцкевіч нам не ўдалося. Нумары яе бацькоў недаступныя ці змененыя, бацькава старонка ў «Аднакласніках» пачышчана. 

Гісторыя адносін пары невядомая. 

Грыцкевіч другая справа. Фота: сацсеткі

Нядаўна паведамлялася, што за час ад прызямлення самалёта Пратасевіч паспеў стаць бацькам — пра гэта заявіў адвакат Сафіі Сапегі Антон Гашынскі. Але пазней прапагандыст Ігар Тур напісаў, што гэта няпраўда.

Тур, дарэчы, апісваў і іншыя дэталі з асабістага жыцця Пратасевіча. Ён іх даведаўся, калі чытаў перапіску з тэлефона Рамана. Прапагандыст пісаў, што хоць паміж Пратасевічам і Сапегай былі нейкія адносіны, «пачуцці ў Рамана былі наогул да іншай дзяўчыны, якая за яго шчыра перажывала і перажывае да гэтага часу і якая была вельмі супраць яго сувязі з Сафіяй».

Ці не на Грыцкевіч ён намякаў?

Чытайце таксама: Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў

Nashaniva.com