У Крывым Рогу ракета трапіла ў шматпавярховік, ёсць загінулыя
Ідзе 475-ты дзень поўнамаштабнай вайны. Украіна чарговы раз была абстраляная ракетамі.
13.06.2023 / 06:27
Ракета ў Крывым Розе трапіла ў шматпавярховік. Фота: тэлеграм-канал Сяргея Лысака
Ноччу 13 чэрвеня ў Крывым Рогу расейцы патрапілі ў пяціпавярховы дом, ёсць загінулыя і параненыя.
«Працуюць усе экстранныя службы, заканчваецца тушэнне пажараў. Хуткая аказвае дапамогу, ёсць пацярпелыя ў вельмі цяжкім стане, імаверна, ёсць людзі пад заваламі», — напісаў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Аляксандр Вілкул.
Паведамляецца, мінімум пра шэсць загінулых.
Таксама ўначы расейцы атакавалі Кіеў крылатымі ракетамі Х-101/555, СПА знішчыла ўсе варожыя цэлі, паведаміў начальнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.
Папярэдне паведамляецца, што для атакі на Кіеў праціўнік ужыў крылатыя ракеты Х-101/555, традыцыйна выпушчаныя стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі Ту-95МС з раёна Каспійскага мора.
Папко адзначыў, што ўсе варожыя цэлі ў паветранай прасторы вакол Кіева былі выяўленыя і паспяхова знішчаныя сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны, піша «Украінская праўда».
Інфармацыя аб ахвярах або разбурэннях пакуль не паступала.
Абстраляны «Шахедамі» быў таксама Харкаў.