«Я нікуды не дзенуся». Трамп прыбыў у Фларыду, дзе яму выставяць новыя абвінавачанні

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак прыбыў у Міжнародны аэрапорт Маямі напярэдадні пасяджэння суда, дзе яму будуць афіцыйна выстаўлены абвінавачанні па справе аб неналежным захоўванні сакрэтных дакументаў.

13.06.2023 / 07:46

Фота: Charlie Neibergall / AP

На мінулым тыдні амерыканскія ўлады апублікавалі абвінаваўчае заключэнне супраць Трампа — у ім утрымліваюцца абвінавачанні па 37 пунктах, у тым ліку ў дачы лжывых паказанняў і злачыннай змове, піша Бі-бі-сі.

Сам экс-прэзідэнт заяўляе аб сваёй невінаватасці, а пераслед называе палітычным.

Пасяджэнне запланавана на 22:00 па Мінску (15:00 па тамтэйшым часе) і пройдзе ў судзе Паўднёвай акругі штата Фларыда.

Як чакаецца, да пасяджэння Трамп будзе сустракацца са сваімі адвакатамі — пакуль незразумела, хто з іх будзе прадстаўляць яго інтарэсы ў Фларыдзе.

Група найбуйнейшых амерыканскіх медыя тым часам звярнулася да суда з просьбай дазволіць фота— і відэаздымку ў зале пасяджэнняў і ў калідоры, а таксама даць аўдыязапіс пасяджэння адразу пасля яго заканчэння.

Федэральныя суды звычайна не дазваляюць здымку ў зале суда (там працуюць мастакі, якія робяць судовыя замалёўкі) і не даюць доступ да трансляцыі ў рэжыме рэальнага часу, аднак у сувязі з вялікім рэзанансам журналісты просяць суд зрабіць выключэнне.

Вакол будынка суда ўзмоцнены меры бяспекі. Паліцыя Маямі чакае, што там могуць сабрацца дзясяткі тысяч прыхільнікаў Трампа, у тым ліку чальцы мясцовай ячэйкі ультраправай групоўкі «Гордыя хлопцы», якія бралі актыўны ўдзел у штурме Капітолія ў студзені 2021 года.

«Мы гатовыя. У нас ёсць досвед правядзення вялікіх дэманстрацый. Гэта Маямі», — заявіў шэф мясцовай паліцыі Мэні Маралес.

Паводле яго слоў, падзяляць прыхільнікаў і праціўнікаў Трампа, а таксама ставіць спецыяльныя агароджы вакол будынка суда не плануецца.

«Мы спадзяёмся, што аўторак будзе мірным. Мы заклікаем людзей да мірнага выяўлення сваіх эмоцый», — сказаў журналістам мэр Маямі Фрэнсіс Суарэс.

Чакаецца, што пасяджэнне прадоўжыцца каля дзвюх гадзін, пасля чаго Трамп вернецца ў свой гольф-клуб у Бедмінстэры ў штаце Нью-Джэрсі, каб выступіць з заявай.

У мінулыя выхадныя былы прэзідэнт заявіў, што новыя абвінавачанні не прымусяць яго выйсці з прэзідэнцкай гонкі.

«Я нікуды не дзенуся. Паслухайце, калі б я адышоў, я б адышоў яшчэ да пачатку перадвыбарнай гонкі ў 2016 годзе», — сказаў Трамп выданню Politico на борце свайго самалёта.

Nashaniva.com