У Аўстрыі маці трымала дзіця на холадзе ў клетцы для сабак. Яе абвінавачваюць у замаху на забойства

У Аўстрыі 32-гадовая жанчына знаходзіцца пад следствам за катаванні і спробу забойства свайго 12-гадовага сына, якога яна замкнула ў маленькай сабачай клетцы. Яна таксама трымала яго на холадзе і марыла голадам.

15.06.2023 / 07:16

Фота: Heinz-Peter Bader / AP

Пра гэтую справу стала вядома некалькі дзён таму, і яна ўжо выклікала хвалю абурэння ў краіне, як піша Бі-бі-сі.

Жанчына знаходзіцца пад вартай з лістапада ў горадзе Крэмс, на паўночным захадзе ад Вены. Паліцыя затрымала яе пасля таго, як работнік сацыяльнай службы забіў трывогу.

У паліцыю звярнуўся і бацька дзіцяці, які жыве асобна ад сям'і.

Хлопчыка знайшлі ў каматозным стане, з тэмпературай цела ўсяго 26,8°С, ён быў блізкі да смерці пасля некалькіх месяцаў катаванняў, пра гэта паведаміў Ёхан Баўмшлагер, прадстаўнік паліцыі правінцыі Ніжняя Аўстрыя.

Дзіця тэрмінова даставілі ў бальніцу, а яго маці на наступны дзень арыштавалі.

Па словах Баўмшлагера, жанчыну падазраюць у тым, што яна штодня па некалькі разоў аблівала хлопчыка халоднай вадой і на некалькі гадзін адчыняла вокны кватэры пры нізкай тэмпературы паветра.

Ён дадаў, што фізічна дзіця ўжо аднавілася, але яго псіхалагічны стан пакідае жадаць лепшага.

У канцы мая Вярхоўны суд адхіліў скаргу маці на ўтрыманне пад вартай цягам некалькіх месяцаў.

Чакаецца, што расследаванне працягнецца да канца лета, затым жанчыне выставяць абвінавачванні.

Чытайце таксама:

«Ён зараз сустракаецца з Богам». У Мілане развіталіся з Сільвіа Берлусконі

Starbucks заплаціць звольненай белай супрацоўніцы 25,6 мільёна даляраў па справе аб расавай дыскрымінацыі

Зніклы кот уз'яднаўся з гаспадарамі праз 11 гадоў

Nashaniva.com