Жданаў: Калі полк Каліноўскага вырашыць зайсці ў Беларусь, Украіна яму дапаможа

Пра магчымыя наступствы ўкраінскага контрнаступу для Беларусі распавёў вядомы ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

16.06.2023 / 14:06

Алег Жданаў лічыць, што беларуская праблема для Украіны стаіць на другім месцы пасля Расійскай Федэрацыі. Скрын відэа ютуб-канала «Пара!»

У эфіры ютуб-канала «Пара!» эксперт адзначыў, што ад контрнаступу Украіны, пра падрабязнасці падрыхтоўкі якога нічога не паведамлялася, можна чакаць розных нечаканых падзей. Нягледзячы на тое, што на сёння лінія абароны расійскіх войскаў прарваная ў чатырох месцах, нельга сказаць, дзе будзе нанесены галоўны ўдар.

«Цяпер усё трымаецца ў таямніцы. Галоўная мэта — каб расійскае камандаванне не ведала, куды накіроўваць свае рэзервы».

«Сітуацыя ва Украіне можа паслужыць трыгерам для падзей у Беларусі»

«Мы ведаем, што Беларусь моцна раззброілася. Прайшла частковая дэмілітарызацыя. Запасы боепрыпасаў у 130 тысяч тон, што вельмі істотны памер, беларуская армія перадала расійскай. Сёння растуць кошты навучання расійскіх мабілізаваных у беларускіх навучальных цэнтрах. Гэта аслабляе Узброеныя сілы.

Да таго ж настрой грамадзянскага насельніцтва і саміх вайскоўцаў беларускай арміі могуць справакаваць непрадбачаныя падзеі», — адзначыў эксперт.

«Калі полк Каліноўскага вырашыць зайсці ў Беларусь, Украіна яму дапаможа»

Жданаў выказвае думку аб тым, што кардынальным трыгерам змен у Беларусі можа паслужыць рашэнне палка Каліноўскага пасля завяршэння актыўнай фазы контрнаступу зайсці на тэрыторыю Беларусі, як гэта зрабіў Рускі добраахвотніцкі корпус. Пры гэтым беларускім добраахвотнікам, мяркуе Жданаў, дапаможа ўкраінскі бок.

«Мы дамовіліся з легіёнам «Свабода Расіі» і з [Рускім] добраахвотніцкім корпусам. Мы дапамагаем кансультацыямі, перадаём даныя разведкі. Падрабязнасці мне невядомыя, бо гэта не адкрытая інфармацыя. Але, як можна зрабіць выснову са слоў генерала Буданава, у нас ёсць супраца з гэтымі падраздзяленнямі. Чаму б не дапамагчы беларускім падраздзяленням».

Жданаў лічыць, што калі будзе прынята рашэнне аб кардынальным вырашэнні пытання з Лукашэнкам, то, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўвацца ўнутраныя рэсурсы.

Трэніроўкі каліноўцаў. Фота: полк Каліноўскага

«Будуць дамаўляцца з мясцовымі элітамі. Будуць ствараць пэўныя ўмовы і вырашаць пытанне знутры. Бо калі гаварыць пра знешняе ўмяшальніцтва, трэба мець на ўвазе, што расійскі вайсковы патэнцыял базуецца на ядзернай зброі. Таму Захад не будзе лішні раз дражніць Расійскую Федэрацыю. Будзе ўсё рабіць так, каб гэта выглядала як унутраны працэс»,

— лічыць вайсковы эксперт.

Ці магчыма аперацыя па дэмілітарызацыі Беларусі

Вайсковы эксперт падзяляе думку аб тым, што пасля заканчэння вайны краіны Захаду будуць намагацца дэмілітарызаваць Беларусь, каб у Беларусі ўстанавілася дэмакратыя і краіна стала больш прадказальнай.

Пры гэтым ён звяртае ўвагу на тое, што адносна Расіі існуюць адрозненні паміж памкненнямі Украіны, якая жадае аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці, і краінамі Захаду і ЗША, якія жадаюць максімальнага зніжэння вайсковага патэнцыялу Расійскай Федэрацыі.

«На жаль, Беларусь пры сённяшняй уладзе выступае сатэлітам Расійскай Федэрацыі, таму я думаю, што і на яе будуць таксама распаўсюджвацца працэсы, якія накіраваныя на Расію. У тым сэнсе, што калі будзе праводзіцца дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя Расійскай Федэрацыі, якая ўжо часткова ідзе, то гэтыя працэсы закрануць і Беларусь. Ніхто не захоча мець агульную мяжу з краінай, якая нясе патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы»,

— адзначыў Жданаў.

Калі могуць пачацца працэсы сілавога ўздзеяння на Беларусь

Жданаў звязвае пачатак сілавога ўздзеяння на Беларусь з завяршэннем актыўнай фазы баявых дзеянняў ва Украіне і адзначае:

«НАТА будзе максімальна дыстанцыявацца ад гэтага працэсу, бо ў выпадку, калі яно ўмяшаецца, гэта будзе азначаць пачатак сусветнай вайны. Таму Украіна толькі сваімі сіламі праводзіць аперацыю па дэмілітарызацыі Расіі. Пакуль мы не скончым з Расійскай Федэрацыяй, на жаль, весці барацьбу на два фронты мы дакладна не зможам. А вось пасля завяршэння актыўнай фазы баявых дзеянняў ва Украіне, можна развярнуцца на поўнач».

Эксперт адзначае, што беларуская праблема для Украіны стаіць на другім месцы пасля Расійскай Федэрацыі. Гэта ён тлумачыць дастаткова вялікай тэрыторыяй краіны і значнай працягласцю супольнай мяжы як з Украінай, так і з іншымі краінамі Захаду. З гэтага пункту гледжання, Беларусь — добры плацдарм для пагрозы Еўропе і НАТА.

Таму, на погляд Жданава, Пуцін і намагаецца максімальна мілітарызаваць Беларусь. Таму ён і размяшчае тут тактычную ядзерную зброю. Гэта прымушае НАТА рабіць адпаведныя крокі — унесці Беларусі ў пералік цэляў для першага ўдару.

Чаму Пуцін і Лукашэнка так часта сустракаюцца?

Жданаў лічыць, што задача нумар адзін у Пуціна — палітычнае паглынанне Беларусі.

«Ён хоча гарантый, што ў Беларусі не будзе месца для манеўру. Звярніце ўвагу, у апошнія месяцы ў рыторыцы Пуціна пастаянна прысутнічае Саюзная дзяржава. Ён ніяк не можа супакоіцца і хоча завяршыць абʼяднанне і аднавіць Саюзную дзяржаву».

На погляд эксперта, адзінае, што сёння ратуе Беларусь ад такога канчатковага паглынання з боку Расіі, — гэта Украіна.

«У Расійскай Федэрацыі на сёння не хапае сіл і магчымасцяў для таго, каб прыхавана акупаваць тэрыторыю Беларусі і ўвесці войскі»,

— гаворыць Жданаў і дадае, што, на яго думку, з пастаўкай ядзернай зброі могуць быць затрымкі, бо яе размяшчэнне будзе патрабаваць накіравання ў Беларусь вялікай колькасці войскаў пад выглядам яе аховы. Але такіх войскаў Расія не мае, бо яны ўсе знаходзяцца на фронце.

«Як мы можам бачыць, яны нават адмовіліся ад абароны ўласных абласцей. Не знялі войскі з фронту для перакідвання ў Белгародскую, Курскую, Бранскую вобласці. Яны там фармуюць тэрытарыяльную абарону і выкарыстоўваюць астатні рэзерв — падраздзяленні спецназа»,

— выказвае свой пункт погляду аўтарытэтны вайсковы эксперт.

Чытайце яшчэ:

Кіраўнікі Палка Каліноўскага пагаварылі са Святланай Ціханоўскай і «данеслі сваю пазіцыю»

«Полк Каліноўскага прыйдзе вызваляць Беларусь — ты будзеш рады»? Што пытаюцца і што глядзяць у тэлефоне — расказвае чалавек, які нядаўна праходзіў мяжу

Кіраўнік «Паспалітага рушэння» расказаў, чые загады яны гатовыя выконваць і з кім кантактуюць

Антось Жупран