«Тожабеларусы». Новае жыццё палітычнага клішэ стагадовай даўніны
За апошнія гады ў мову беларусаў увайшло шмат палітычна афарбаваных паняццяў. Да звыклых «змагароў» і «свядомых», якімі прапаганда Лукашэнкі акрэслівае іншадумцаў, дадаліся «неверагодныя», «збеглыя», у адказ — «ябацькі», «лукашысты». Але, акрамя гэтых, усім вядомых паняццяў, якія падзяляюць беларускае грамадства на два палітычныя лагеры, ёсць і менш прыкметныя.
17.06.2023 / 18:20
Нядаўна мы пісалі пра падзел лагера прыхільнікаў Лукашэнкі на «ўмераных» (хоць да многіх з іх гэтае слова гучыць недарэчна) і т. зв. «вамбатаў» — радыкальных прыхільнікаў рускага свету, якія змагаюцца супраць усяго нацыянальнага, беларускага. І абодва падлагеры актыўна змагаюцца, прынамсі, у сацсетках, адзін супраць аднаго.
Не пазбег такога падзелу і лагер прыхільнікаў дэмакратычных пераўтварэнняў. У апазіцыю да новых лідараў мірных пратэстаў адразу адышлі кансерватыўныя колы і прыхільнікі Зянона Пазняка, якія падтрымлівалі ці то поўнае бяздзеянне, ці то радыкальныя і сілавыя метады барацьбы з рэжымам. Прыхільнікаў культу Зянона Станіслававіча ў сацсетках празвалі «турбазянонаўцамі» — пад гэтым паняццем маюцца на ўвазе тыя, хто не прымае аніякай крытыкі ў адрас свайго куміра і лічыць, што гэта падкопы «маскальскай агентуры», але патрабуе, каб Ціханоўская за ўсё адказала, праўда, робяць гэта нярэдка па-руску. Прыстаўка «турба-» тут яўна пазычаная з іншага тэрміна — «турбапатрыёт», якім абазначаюць людзей, якія прытрымліваюцца агрэсіўнага патрыятызму.
Але больш цікавае, на нашу думку, паняцце «тожабеларусы», бо ахоплівае людзей з розных палітычных лагераў. Сэнс гэтага паняцця, запісанага трасянкай, лёгка счытваецца: несапраўдныя, няшчырыя беларусы, беларусы па сітуацыі. Але каго канкрэтна маюць на ўвазе?
2020 год падняў на пратэст шырокія масы народа супраць ганебнага стаўлення і хлусні ўладаў, фальсіфікацыі выбараў, гвалту і катаванняў. Падняў пад нацыянальнымі сімваламі, шмат у кім абудзіў прагу да ўсяго беларускага: мовы, культуры, гісторыі. Але, як выявілася, абудзіў далёка не ва ўсіх. Нават да тых, хто хадзіў з белымі бранзалетамі, выходзіў на маршы, патрабаваў пераліку галасоў, сядзеў на сутках і быў вымушаны з’ехаць падалей ад рэпрэсій, як аказалася цяпер, не заўсёды паспела прышчапіцца беларушчына.
Людзі бачылі Беларусь вольнай і дэмакратычнай, але далёка не беларускай. Нават у эміграцыі і пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну гэтыя беларусы адчайна трымаюцца за сваю «рускасць», а іншыя ўжо развіваюць у сабе «польскасць» — што заўгодна, абы не беларускасць.
Непрыманне беларускай мовы — адна з галоўных рыс «тожабеларусаў».
Гэтую дваістасць пазіцыі сваіх суграмадзян найперш заўважылі карыстальнікі твітара, найбольш чуллівай да любых працэсаў у грамадстве і сэнсастваральнай сацыяльнай сеткі апошняга дзесяцігоддзя. Менавіта там паняцце «тожабеларусы» ўвайшло ў актыўны ўжытак.
«Усе раптам зрабіліся беларусамі ў 2020 годзе, бо гэта было зручна, прэстыжна», — адзначае адзін з беларускіх твітарчукоў.
Беларускі твітар ніяк не можа зразумець, «калі заканчваецца апраўданне ўласнай нікчэмнасці, а пачынаецца прыніжэнне ўсяго беларускага» ў «тожабеларусаў».
«Тожабеларусы», адносячы сябе да беларусаў па паходжанні ці па пашпарце, працягваюць трансляваць тэзы пра беднасць беларускай мовы, сялянскую беларускую культуру, аднатыпную, з трагічнымі сюжэтамі беларускую літаратуру, адсутнасць нармальнай музыкі і кіно «на мове». Усё гэта, на іх думку, ніяк не дае ім стаць свядомымі. Яскравы маркер — транслітарацыя свайго імя і прозвішча праз рускую мову або ўвогуле перакладам на англійскую (у тым ліку ў пашпарце).
«У меня президент Тихановская. Мой родной язык русский, как и у 80% беларусов», — звыклая пазіцыя «тожабеларусаў».
Але паняцце «тожабеларусы» мае, насамрэч, больш як стагадовую гісторыю і цалкам з ужытку ніколі не выходзіла. Проста яно стала больш запатрабаваным у свеце апошніх падзей у Беларусі.
Адным з першых яго зафіксаваў, мабыць, Максім Гарэцкі яшчэ ў 1914 годзе ў сваім эсэ «Развагі і думкі», прысвечаным шырокаму колу тагачасных палітыка-эканамічных, гісторыка-культурных, літаратурна-крытычных і маральна-філасофскіх праблем.
«А я хачу ведаць, і ці ні варта будзе мне прыслухацца да шчыраго, толькі шчыраго пачуваньня беларусоў і правых, і левых, і сярэдніх, і тых, што «тоже бѣлорусы», і тых, што нясуць крыж са славамі: «Жыве Беларусь?» …
І «тоже бѣлорусы», і младабеларусы, і ўсе яны, усе троху-многа двудушны і рэдка саўсім шчыры ў сваіх справах палітычных…
«Тоже бѣлорусъ», калі толькі ў ім захаваліся чэлавецкіе пачуцьця, вечна змагаецца з голасам свайго сумленьня: «Глядзі не ашукайся! Ці добра ты ўцяміў заветы дзядоў сваіх? Ці па тэй дарозі пайшоў ты? Не станься пракляцьцем роднай зямліцы… Ці не варта ізноў палічыць, ацаніць, зважыць тое-другое? А што, калі праз колькі гадоў «утопія» младабеларусаў будзіць жыцьцём?»
І дробные душы маюць у сабе драбінкі золата, але так і астаюцца дробнымі. І калі «тоже бѣлорусъ» — сумленны чэлавек, — вяліка драма душы яго, жалобен ён дужа… Калі ж ён толькі «дзелец», — памаўчым аб ём».
Ягоны малодшы брат Гаўрыла Гарэцкі, будучы навуковец, а тады яшчэ навучэнец Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, даваў адлуп свайму выкладчыку Сяргею Цытовічу за ягоны русіфікатарскі артыкул «Беларуская плынь», у якім той дзівіўся, як могуць беларусы прыраўноўваць сябе да «іншых народаў»: палякаў, фінаў, украінцаў. У артыкуле «Беларуская плынь і «тожа беларусы», які апублікаваў у «Весніку Гарэцкага павятовага земства» (1917, № 23) з характэрным подпісам «Сын маці Беларусі», Гарэцкі пісаў:
«Беларускі рух, пачаўшыся ў канцы XIX стагоддзя, расце і шырыцца. Да яго прыбываюць усё новыя і новыя сілы. І тым адчайней лямантуюць «тожа беларусы», якія бачаць у гэтым гібель Расіі».
Звяртаецца да гэтага слова і Янка Купала ў сваёй сатырычнай трагікамедыі «Тутэйшыя», апублікаванай у 1924 годзе. Яго прамаўляе Янка Здольнік, станоўчы персанаж, з якім атаясамліваў сябе пісьменнік:
Усходні вучоны (паказваючы на іншых): А це тожа белорусы?
Янка Здольнік: А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа — беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў.
Як можна здагадацца, найбольш выразным прыкладам «тожабеларуса» ёсць іншы персанаж камедыі Купалы — былы вясковец Мікіта Зносак, які гатовы прыстасавацца да новай «палітычнай сітуацыі», але пагардліва ставіцца да ўсяго беларускага.
Павел Харланчук у ролі Мікіты Зноска, аднаго з найбольш яскравых прыкладаў несвядомых прыстасаванцаў. Фота: «Камсамольская праўда»
Янка Здольнік: А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узраслі вашы бацькі, дзяды.
Мікіта Зносак: Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.
Янка Здольнік: А хоць бы й так.
Мікіта Зносак: Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я не ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?
Янка Здольнік: А чаму ж бы не?
Яшчэ аднаго з «тожабеларусаў» вывеў у сваёй п’есе «Пан міністар», надрукаванай у тым жа 1924 годзе, Францішак Аляхновіч. Ягоны свінабой Філімон Пупкін задумаў здабыць любымі сродкамі пасаду міністра:
І буду я «тоже» беларус,
Бо маю на гэта шмат пакус.
Міністрам фінансаў буду я,
Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!
«Господі… Спасі Бѣло… Бѣла… Бѣлую Едіную Недѣлімую Матушку Россію». «Авадзень» № 6, 1925.
Падхапіла гэтае слоўца і тагачасная беларуская прэса, якім яна таўравала як русафілаў, так і паланафілаў.
Так, у шостым нумары сатырычнага часопіса «Авадзень» за 1925 год была надрукавана красамоўная карыкатура, на якой укленчаны праваслаўны святар, «тоже бѣлорус», спрабуе памаліцца за Беларусь, але як ён ні стараецца, атрымліваецца за «Бѣлую Едіную Недѣлімую Матушку Россію». Гэтая карыкатура і сёння, праз стагоддзе, застаецца актуальнай, улічваючы працэсы, якія адбываліся ў Беларускай праваслаўнай царкве з 2020 года.
«Тоже бѣлорусс» Арсен Паўлюкевіч. «Маланка» № 13, 1926.
Яшчэ адзін «тоже бѣлорусс» маецца на старонках сатырычнай «Маланкі» за 1926 год. Гэта Арсен Паўлюкевіч, які спачатку змагаўся за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны і браў удзел у Слуцкім збройным чыне, а пасля на чале паланафільскай Тымчасовай беларускай Рады вітаў майскі пераварот Пілсудскага, ездзіў да польскага прэм’ера і за абяцанае фінансаванне праводзіў прапольскую агітацыю сярод беларусаў. Але праз нястачу фінансавання і грамадскай падтрымкі гэтая Рада неўзабаве развалілася.
Можа падацца, што «тожабеларус» адпавядае сённяшняму «ябацьку», але, як адзначалі вышэй, гэтым паняццем можна абазначыць і пэўную групу прыхільнікаў перамен. У той жа час сярод ябацек дакладна ёсць шчырыя беларусы, якія ганарацца сваёй культурай, мовай і хочуць самастойнасці Беларусі, але чамусьці ў гэтым сваім жаданні ставяць на асобу Лукашэнкі і быццам не заўважаюць таго, што робіцца ў краіне пры ягонай уладзе.
Чытайце таксама: