Вось чаму прапанова краін Афрыкі дае вялікую надзею Беларусі
Гэта сігнал, што дыпламатычнае рашэнне канфлікту з вялікай імавернасцю будзе ўключаць беларускае пытанне, піша Васіль Гарбацюк.
16.06.2023 / 20:08
Прэзідэнты (справа налева) Паўднёвай Афрыкі Сірыл Рамафоса, Каморскага Саюза Азалі Асумані, Сенегала Макі Саль, Замбіі Хакаіндэ Хічылема (прысеўшы) ставяць свечкі на брацкай магіле ахвяр расійскай агрэсіі ў Бучы пад Кіевам, 16 чэрвеня 2023 года
Агенцтва Reuters атрымала доступ да непублічнага спіса папярэдніх умоў, які дэлегацыя афрыканскіх краін збіраецца прапанаваць прэзідэнтам Украіны і Расіі «для ўмацавання даверу паміж імі». У якасці першага кроку там прадугледжваецца вывад расійскай тактычнай ядзернай зброі з Беларусі. Сёння з візіту ў Кіеў пачалася міратворчая місія афрыканскіх прэзідэнтаў.
Пакінем за дужкамі пытанне, ці тая зброя ў Беларусі рэальна стаіць ці будзе стаяць — лягчэй за ўсё ўвезці макеты і іх жа вывезці ў якасці жэсту добрай волі. Гаворка пра іншае.
Нават калі б Беларусі ўсяго толькі ўдалося пазбыцца ядзернай зброі, гэта ўжо вялізная палёгка, бо выводзіць нашу краіну з зоны патэнцыйнага ўдару ў адказ. Калі ж Беларусі ўдасца вызваліцца і з-пад расійскага кантролю — гэта ўвогуле быў бы гістарычны пералом. Ці здарыцца гэта па выніках вайны, якая ператвараецца ў катастрофу для Крамля?
Пасля таго, як з Беларусі на Украіну напалі, Кіеў не будзе адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль такі сцэнар можа паўтарыцца. Пераход Беларусі з-пад расійскага кантролю ў нейтральны статус — надзённая патрэба Кіева, Варшавы з Вільняй таксама. Прапановы кіраўнікоў Афрыкі паказваюць, што гэта разумеюць не толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсім свеце.
Калі б вайна скончылася новай жалезнай заслонай, а Беларусь засталася па той бок яе, было б кепска нам яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў наперад.
А вось тое, што Беларусь апынаецца на стале перамоў аб сканчэнні вайны ва Украіне, — добры знак. Гэта сігнал, што перамога Украіны і дыпламатычнае рашэнне канфлікту па яе выніках з вялікай імавернасцю будзе ўключаць беларускае пытанне. Штосьці беларусы ад таго выйграюць — не вялікае, то хоць зернетка малое.
Чытайце таксама: Свіння і парася. Вось чаму пры любых перамовах Захаду з Масквой пытанне нелегітымнасці мінскага кіраўніцтва будзе пастаўлена рубам