«Сёння мы ў метро паедзем». Новы дзіцячы верш ад Андрэя Скурко
Жонка палітвязня Андрэя Скурко Паўліна павіншавала сваіх падпісчыкаў у інстаграме з днём таты і апублікавала новы дзіцячы вершык мужа.
18.06.2023 / 21:58
Ілюстрацыя: skurkopaulina / Instagram
«Сёння дзень таты, а ў нас з Тамашом кожны дзень — таты, думак і мараў пра тату, і як нам пашанцавала. Адзначце і вы з намі гэты Дзень Таты разам з Андрэевым мілым вершам», — напісала Паўліна.
Сёння мы ў метро паедзем,
Возьмем нашага мядзведзя.
Ён нядаўна з магазіна —
Будзе ўсё яму там дзіўна:
Як праходзіць турнікет,
Дзе купіць жэтон, білет,
Як ступаць на эскалатар
І трымацца мамы з татам.
На платформы край не лезці
І марозіва не есці…
Чуецца з тунэля гром —
Падышоў цягнік метро.
Уваходзім асцярожна —
Пачынаем падарожжа!
Гэты вершык з будучай азбукі, на літару М, як патлумачыла Паўліна.
Чытайце таксама:
Як малым расказаць пра гісторыю Беларусі? На ютуб-канале «Бэйбус» з'явіўся адмысловы мультсерыял