У Казахстане адмянілі канцэрт Рыгора Лепса пасля таго, як ён паабяцаў плаціць па мільёне расійскіх рублёў за кожны падбіты ўкраінскі танк
У Канаве (Алмацінская вобласць) адмянілі канцэрт Рыгора Лепса, запланаваны на 8 ліпеня. Пра гэта паведаміла пляцоўка Makao Luxury Village Resort, дзе павінен быў выступаць спявак.
19.06.2023 / 14:10
Рыгор Лепс. Фота з яго інстаграма
«Кампанія Makao Luxury Village Resort, якая падала сваю канцэртную пляцоўку для арганізацыі выступу Рыгора Лепса, прыняла пастанову разарваць дамову з арганізатарамі канцэрта ў аднабаковым парадку», — заявілі ў кампаніі.
На мінулым тыдні расійскія артысты Рыгор Лепс, Мікалай Баскаў, Юлія Бараноўская, Уладзімір Кісялёў і Юрый Антонаў паабяцалі выплачваць па 1 млн рублёў (прыкладна 12 500 даляраў) за кожны падбіты ўкраінскі танк Abrams і Leopard, як нагадвае «Новая газета. Еўропа».
Пасля гэтага казахстанцы выступілі супраць канцэрта Лепса.
«Я заклікаю ўсіх патрабаваць адмены канцэрта гэтага артыста. Ніводзін ціын з нашых кішэняў не павінен пайсці на знішчэнне Украіны», — заявіла журналістка Дзінара Егеўбаева.
Таксама на канцэрт паскардзіўся актывіст Турар Кусаін. Ён скіраваў афіцыйную заяву ўладам з просьбай «не праводзіць канцэрт гэтага Z-артыста на тэрыторыі Рэспублікі Казахстан».