Украінскае Мінабароны гаворыць пра цяжкую сітуацыю на ўсходзе
Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што вораг падцягнуў сілы на ўсходзе, аднак украінскія абаронцы не даюць яму прасоўвацца, пра гэта піша «Украінская праўда».
19.06.2023 / 18:02
Ганна Маляр. Скрыншот з відэа «Украінскай праўды»
«На ўсходзе цяпер складаная сітуацыя. Вораг падцягнуў свае сілы і актыўна наступае на Ліманскім і Купянскім кірунках, спрабуючы перахапіць у нас ініцыятыву. Фіксуецца высокая актыўнасць варожых абстрэлаў. Працягваюцца гарачыя баі. Нашы войскі мужна дзейнічаюць ва ўмовах перавагі ворага ў сілах і сродках і не даюць ворагу прасоўвацца», — адзначыла Ганна Маляр.
Чыноўніца дадала, што вораг не пакідае сваіх планаў выйсці на межы Данецкай і Луганскай абласцей — цяпер гэта асноўны кірунак наступу акупантаў. Паводле яе слоў, вораг сканцэнтраваў на ўсходзе значную колькасць сваіх падраздзяленняў, у прыватнасці дэсантна-штурмавых.
Як адзначаюць крыніцы «Украінскай праўды» сярод вайскоўцаў, наступальныя дзеянні расіян на Ліманскім кірунку пакуль не маюць поспеху. Страчаныя з украінскага боку пазіцыі тут жа адбіваюцца.
Наймацнейшыя ўдары расіян прыпадаюць на раён Торскага (10 км ад Лімана на ўсход) і на лес, які знаходзіцца на поўдзень ад Крамянной.
Чытайце таксама:
Генерал Залужны апублікаваў відэа з асноўнымі момантамі вызвалення Пяціхатак
Контрнаступ: украінцы ўжо вызвалілі восем населеных пунктаў — Мінабароны
«Ніводны Patriot ва Украіне не знішчаны». Зяленскі абвяргае Пуціна