Ціханоўская не выключае, што папросіць дапамогі асабіста ў Зяленскага ў ваенным вызваленні Беларусі

Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв'ю ўкраінскай журналістцы Наталлі Масейчук, у якім закранула тэму «сілавога варыянту» вызвалення Беларусі.

19.06.2023 / 20:09

Святлана Ціханоўская і Уладзімір Зяленскі ціснуць адно аднаму рукі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас інтэрв'ю вядомай украінскай журналістцы Наталлі Масейчук 19 чэрвеня кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася пра «сілавы варыянт» звяржэння рэжыму Лукашэнкі.

Свой акцэнт Ціханоўская зрабіла на тым, што ў агульную перамогу ўнясе ўклад кожны беларус. Варыянта, пры якім усе будуць адседжвацца, чакаючы пераможнага паходу палка Каліноўскага, не будзе, бо адных «каліноўцаў» будзе недастаткова.

«Што датычыць вызваленчага руху, то ўсе варыянты магчымыя. Відавочна адно: адных каліноўцаў для перамогі не хопіць, спатрэбіцца вялікая дапамога беларусаў унутры краіны і беларускай арміі ў прыватнасці. Гэтую думку вельмі важна данесці да кожнага беларуса. Нам таксама вельмі спатрэбяцца міжнародная дапамога і падтрымка Украіны», — заявіла Ціханоўская.

Пасля гэтых слоў украінская журналістка адразу задала Святлане пытанне, ці звернецца яна па ваенную дапамогу ў гэтым пытанні асабіста да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Я гэтага не выключаю», — адказала Ціханоўская.

Нагадаем, што нядаўна прадстаўнікі палка Каліноўскага размаўлялі па відэа са Святланай Ціханоўскай і асабліва падкрэслілі, што «сілавому варыянту» вызвалення Беларусі альтэрнатывы не існуе.

Чытайце таксама:

«Калі шалёны дыктатар аддасць загад — кідайце зброю. Інакш адзінае, што вас чакае, — гэта смерць». На ўкраінска-беларускай мяжы прагучаў зварот палка Каліноўскага да беларускіх вайскоўцаў

Сотні беларусаў праходзяць баявую падрыхтоўку ў Польшчы, каб змагацца з рэжымам Лукашэнкі — The Times 

«Ніякага зняцця санкцый у Бруселі сёння не абмяркоўваецца. Гэта ўвядзенне ў зман» — Франак Вячорка

Марк Рыхтэр