Google Lens цяпер можа шукаць захворванні скуры

Google ўдасканальвае свой дадатак Google Lens — праграму, якая шукае інфармацыю па фота.

26.06.2023 / 17:33

Значок Google Lens крайні справа ў пошукавым радку

Цяпер Lens можа выяўляць розныя анамаліі і захворванні скуры, напрыклад, радзімкі ці высыпку. Пасля таго, як вы зробіце фота ці запампуеце яго ў Lens, дадатак пачне пошук у сеціве па візуальных супадзеннях, што таксама будзе працаваць для іншых захворванняў, калі вы не ведаеце, як апісаць іх словамі (напрыклад, пухір на губе, лінія на пазногцях або выпадзенне валасоў).

Дарэчы, у 2021 годзе Google запусціў асобную праграму на аснове ШІ для дыягностыкі стану скуры, валасоў і пазногцяў — DermAssist. Гэты дадатак, які ўпершыню дэбютаваў у ЕС, сутыкнуўся з бар'ерамі для ўваходу ў ЗША, дзе ён павінен быў быць ухвалены Упраўленнем кантролю за прадуктамі і лекамі (Google проста адмовіўся запытаць адабрэнне).

Выява: Google

Новая функцыя Lens можа быць карысная людзям, якія вырашаюць, ці звяртацца па медычную дапамогу, адзначае TechCrunch.

Да таго ж было абвешчана, што Lens інтэгруецца з Bard — чат-ботам Google на базе ШІ. Карыстальнікі змогуць уключаць выявы ў падказкі Bard, а Lens будзе працаваць «за кадрам», каб дапамагчы Bard зразумець, што менавіта паказваецца. Google інвестуе ўсё больш рэсурсаў у генератыўныя тэхналогіі штучнага інтэлекту кшталту Bard, які ўяўляе сабой адказ Google на ChatGPT.

Напрыклад, толькі нядаўна Google прадставіў магчымасць, якая дазваляе Bard пісаць, выконваць і тэставаць уласны код у фонавым рэжыме, паляпшаючы яго здольнасць праграмаваць і рашаць складаныя матэматычныя задачы.

Чытайце таксама:

Вучоныя лічаць, што кучаравыя валасы давалі іх уладальнікам эвалюцыйную перавагу

Ген каманднасці, ген перавагі кавы над чаем… Як гены ўплываюць на наш жыццёвы выбар?

Не так важна выбраць «правільны» сонцаахоўны крэм, як важна пазбегнуць гэтых шасці памылак

Nashaniva.com