«На матчы хадзіла 50 чалавек, а цяпер 4000». Як беларусы перарадзілі футбольную каманду на Кіпры і зрабілі яе чэмпіёнам і эканамічным поспехам
Чэмпіён Кіпра па футболе, лімасольскі клуб «Арыс», шмат чым абавязаны беларусам: прэзідэнт клуба, дырэктар па маркетынгу, трэнер, некалькі футбалістаў родам з нашай краіны. Праект «1906» распытаў Аляксея Дазорцава, адказнага за маркетынгавы цуд клуба (такі сапраўды мае месца), пра тое, як беларусы ўлюбілі кіпрыётаў у старую лімасольскую каманду, сталі праводзіць дзень цешчы на стадыёне, і ў чым перавага беларускіх маркетолагаў.
27.06.2023 / 19:45
Футбалісты «Арыса» з галоўным трэнерам каманды Аляксеем Шпілеўскім. Фота: arisfc.com
«На матчы хадзіла чалавек з пяцьдзясят, у такім стане мы атрымалі каманду»
Аляксею Дазорцаву — 37. Раней ён працаваў у журналістыцы: пачынаў на «Белсаце», а пасля на маскоўскім канале «360°». У 2018 годзе беларус скончыў сваю тэлевізійную кар’еру і з таго часу займаўся маркетынгам, рабіў розныя камерцыйныя праекты праз уласнае агенцтва.
А потым яго знайшоў Уладзімір Фёдараў, беларускі бізнэсмен і прэзідэнт кіпрскага клуба «Арыс». Гэтая лімасольская каманда існуе ўжо амаль стагоддзе, але раней трафеямі заўзятараў не асабліва цешыла. Дазорцаў расказвае:
«Гэта адзін з самых старых клубаў на Кіпры. Ён быў заснаваны ў 1930 годзе, клуб таксама быў сярод заснавальнікаў кіпрскай футбольнай федэрацыі. «Арыс» — адна з самых паважаных камандаў, але клуб ніколі не меў ні тытулаў, ні вялікіх поспехаў (да 2023 года, калі каманда стала чэмпіёнам Кіпра. — «1906»). Думаю, адны з самых паспяховых часоў для клуба — гэта канец 80-х, калі тут гуляў вядомы савецкі і ўкраінскі футбаліст Алег Блахін, уладальнік «Залатога мяча», але ж поспехаў і тады не было.
Потым пайшлі вельмі цяжкія 90-я і пачатак нулявых. Каманду называлі «ліфтам»: клуб то падаў у лігу ніжэй, то падымаўся вышэй. Скончылася гэта тым, што на матчы хадзіла чалавек з пяцьдзясят, і ў такім стане мы атрымалі каманду. Тады «Арыс» знаходзіўся не ў вышэйшай лізе, як цяпер, а ў першай, то-бок на лігу ніжэй».
У «Арыса» ў 90-я хутка змяняліся кіраўнікі, не было спартовых поспехаў, а гэта вельмі ўплывае на папулярнасць клуба і на тое, як да яго ставяцца людзі. У такой сітуацыі, калі твая каманда нічога не можа дасягнуць, заўзятараў робіцца ўсё менш і менш.
Так і сталася: багата сваякоў тых, хто цяпер заўзее за іншыя клубы — дзед, бацька, дзядзька, сват, — раней былі з «Арысам». Але праз тое, што ў клуба доўга не было поспехаў, заўзятары апусцілі рукі і вырашылі змяніць свае клубныя перавагі.
Фота: архіў Аляксея Дазорцава
Цяпер у «Арысе» шмат беларусаў, і гэта не толькі Фёдараў ды Дазорцаў. Там гуляюць, напрыклад, малады форвард Арцём Шуманскі і капітан беларускай нацыяналкі Яўген Яблонскі, галоўным трэнерам працуе Аляксей Шпілеўскі — былы трэнер брэсцкага «Дынама». Так што «Арыс» — даволі беларускі праект і дакладна самы беларускі клуб на Кіпры. Хаця, як гэта і бывае ў еўрапейскіх клубах, у камунікацыі з камандай Дазорцаў выкарыстоўвае англійскую мову (а ў камунікацыі з праектам «1906» — беларускую).
Шпілеўскага адзначым асобна. Малады трэнер (цяпер Аляксею 35) упершыню вывеў «Арыс» у еўракубкі, стварыў каманду з відовішчным футболам і прывёў клуб да першага чэмпіёнства за амаль стагоддзе існавання. Раней беларус працаваў у брэсцкім «Дынама», казахскім «Кайраце», нямецкім «Эрцгебірге», але на Кіпры ён цалкам раскрыўся. Таму не здзівімся, калі пасля гэтага Аляксей перабярэцца ў якую больш прэстыжную лігу.
«Усё тое, што робіць «Арыс», на Кіпры дакладна ніхто не рабіў»
Як расказвае Дазорцаў, на Кіпры футбол дужа палітызаваны, але «Арыс», хоць яго назва і паходзіць ад імені старажытнагрэцкага бога вайны Арэса, пад гэта не падпісваецца.
«Нейкія каманды больш правыя ці ультраправыя, існуюць левыя і ультралевыя клубы, а то і адкрыта камуністычныя, ёсць грэцкія і кіпрскія нацыяналісты.
Ва ўсім гэтым калейдаскопе існуе «Арыс», не афіліяваны ні з якімі палітычнымі сіламі. Шмат хто ў Лімасоле хаця і заўзее за нейкі іншы клуб, але таксама падтрымлівае «Арыс», бо наш клуб не прасоўвае ніякага гвалту, камунікуе з усімі даволі чыста і з павагай, спрыяе сямейным каштоўнасцям. Такое наша бачанне».
Як і ва ўсім свеце, палітычна арыентаваныя суполкі на Кіпры могуць праз футбол выказваць свае маніфесты. Але збольшага такой палітызацыі футбола спрыяла дужа неаднародная гісторыя Кіпра. Напрыклад, цяпер паўночная частка Кіпра, населеная збольшага туркамі — гэта самаабвешчаная дзяржава, прызнаная толькі Турцыяй, і сталіца Кіпра, Нікасія, падзеленая паміж поўначчу і поўднем.
У Нікасіі, як працягвае Аляксей, нядаўна адкрылі выставу «Футбол і палітыка». Там расказваецца пра сувязь гэтых дзвюх з’яў, тое, як некаторыя клубы сталі палітычна заангажаванымі: ад грэцкага нацыяналізму і падтрымкі вайсковых пераваротаў да клубаў, якія, наадварот, спрабавалі заставацца па-за палітыкай ці схіляліся да іншага палітычнага кірунку.
Выглядае, што з досведам працы ў такой краіне Дазорцаў дакладна ведае адказ на адвечнае беларускае пытанне, ці можа спорт існаваць па-за палітыкай:
«Гэта залежыць ад таго, пра які спорт ідзе гаворка і ў якой краіне. Калі паглядзець на гістарычны кантэкст, спорт, асабліва спорт высокіх дасягненняў, заўжды быў адной з частак таго, як краіна расказвае свету пра сябе. Калі казаць не пра зборныя, а пра клубы, гэта ўсё роўна прадстаўніцтва краіны на міжнародным узроўні. Спорт — гэта не плацдарм для маніфестаў, але раней ён выкарыстоўваўся акурат так, асабліва ў сярэдзіне XX стагоддзя. То-бок спорт ёсць спортам, але вельмі часта ён можа залежаць ад палітыкі».
Фота: архіў Аляксея Дазорцава
Але вернемся да клуба. Калі за «Арыс» узяліся беларусы, справы каманды пайшлі ўверх: клуб выйшаў у вышэйшую лігу, людзей на матчы стала хадзіць больш. У сезоне 2021/2022, як расказвае Аляксей, колькасць наведвальнікаў вырасла ў 20 разоў: на звычайныя матчы пачало прыходзіць па тысячы гледачоў, на еўракубкі — па дзве тысячы. У сезоне 2022/2023 колькасць наведвальнікаў дайшла да чатырох тысяч.
«Гэта самы яркі, самы амбітны, самы трэндсэтарскі футбольны праект на выспе. Усё тое, што робіць «Арыс», на Кіпры дакладна ніхто не рабіў, і гэта выклікае пазітыўную рэакцыю не толькі ў аўдыторыі нашага клуба, але таксама ў заўзятараў іншых каманд, якія даволі добра выказваюцца пра «Арыс». І ўсё гэта нягледзячы на тое, што вобразам клуба займаюцца замежнікі», — з гонарам дзеліцца беларус.
«Найлепшы стадыён на свеце — той, дзе ўсе ўсміхаюцца»
Павялічыць колькасць наведвальнікаў у 20 разоў — уражвальны вынік. Як яго дасягнулі? Як расказвае Аляксей, праз штодзённую цяжкую працу, крэатыўнасць каманды і разнастайнасць падыходаў. Маркетолагі «Арыса» працуюць з аўдыторыяй у трох кірунках, і вось першы з іх: «Гэта самая вялікая частка нашых заўзятараў, традыцыйная аўдыторыя «Арыса», якая, магчыма, праз нейкія прычыны адышла ад клуба, і цяпер мы яе вяртаем.
Тут ёсць такая спецыфіка: калі заўзятар перастаў хадзіць на стадыён і прывучыў сябе глядзець матч па тэлевізары недзе ў таверне, яго вельмі цяжка выцягнуць назад. Але мы здолелі вярнуць вялікую частку людзей праз розныя мерапрыемствы і акцыі ды, вядома, праз поспех каманды, бо спартовая частка — самая важная».
Другі кірунак працы — гэта дзеці, і Дазорцаў называе яго самым важным з пункту гледжання перспектывы.
Клуб працуе з вучнямі розных школ, робіць з імі івэнты, дзеці сустракаюцца з футбалістамі і гуляюць з імі. Нават нягледзячы на тое, што іх бацькі, хутчэй за ўсё, ужо заўзеюць за нейкія іншыя каманды, дзеці ўсё ж такі здольныя самі пабудаваць сваю сувязь з тым ці іншым спартыўным клубам.
«Усё, што мы робім, робіцца дзеля дзяцей: каб яны былі шчаслівыя, каб мелі добры эмацыйны досвед. Калі нешта падабаецца дзесяцігадоваму дзіцяці, думаю, гэта яму будзе падабацца і ў 20 гадоў, і калі шчаслівыя дзесяцігадовыя дзеці, шчаслівыя і іх бацькі. Найлепшы стадыён на свеце — той, дзе ўсе ўсміхаюцца», — тлумачыць беларус.
Трэці кірунак — частка аўдыторыі, на якую, паводле Дазорцава, ніхто на Кіпры дагэтуль не звяртаў увагі. Гэта рускамоўныя экспаты, напрыклад: беларусы, украінцы, латышы, казахі, расіяне, малдаване.
На Кіпры, асабліва ў Лімасоле, жыве дужа шмат іншаземцаў, яны гадуюць дзяцей, працуюць. Але іх, як тлумачыць Аляксей, ніхто ніколі не запрашаў на футбол, не прапаноўваў ім апынуцца ў такім месцы, дзе не трэба высвятляць, хто ты і адкуль, затое можна прыходзіць і бавіць разам час, камунікаваць адно з адным.
Фота: архіў Аляксея Дазорцава
Усіх маркетынгавых намаганняў не хапіла б, калі б і сама каманда не змагалася на полі, бо без спартовых поспехаў прывабліваць заўзятараў дужа цяжка. Але і матывацыя каманды вельмі залежыць ад таго, як гульцы сябе адчуваюць падчас матча, як іх падтрымліваюць цягам гульні і як вакол каманды і саміх гульцоў будуецца іх імідж.
Ці няма ў мясцовых засцярогі перад засіллем беларусаў у «Арысе»? Цяжка сказаць, як лічыць Дазорцаў, але вынікі працы ў клубе відавочныя.
«Арыс» стаў цяпер чэмпіёнам упершыню за 93 гады існавання, і праз гэта кожны заўзятар каманды, кім бы ён ні быў па паходжанні, мусіць кожную раніцу прачынацца і крычаць: «О, я не веру! Гэта фантастыка!» Таму якая там засцярога? Давайце так: лік на табло, вось якія вынікі былі раней і вось што адбываецца цяпер. Дзякуй усім пакаленням, якія намагаліся любым коштам захаваць клуб. Цяпер сюды прыйшла наша каманда, і мы імкнёмся зрабіць так, каб клуб стаў вялікім і моцным трэндам, каб яго любілі, каб ён меў спартовыя вынікі».
Аляксей расказвае: маўляў, клуб даведаўся пра здабытае чэмпіёнства за тыдзень да апошняга матча ў сезоне, бо так склалася сітуацыя ў табліцы. «Арыс» адгуляў перадапошні матч у суботу, а ў нядзелю галоўны канкурэнт каманды змагаўся супраць лімасольскага клуба, і «Арыс» у поўным складзе быў на стадыёне. Лімасольская каманда перамагла, і па ачках «Арыс» стаў чэмпіёнам, клуб віншавалі ўсе, хто быў у той дзень на стадыёне.
А потым гульцы, заўзятары, партнёры і ўсе сябры «Арыса» з’ехаліся ў месца пад назвай плошча Герояў: «Там знаходзіцца наша гістарычная таверна пад назвай «Арыс», яна не мае дачынення да футбольнага клуба, але звязаная з нашым брэндам. Усе прыехалі туды і ўжо гулялі дык гулялі (усміхаецца). Гэта быў толькі першы дзень. Пасля заканчэння чэмпіянату для ўсіх, хто хацеў пабыць разам з «Арысам», мы арганізавалі на стадыёне цырымонію ўзнагароджання, зладзілі канцэрт і сказалі шмат важных слоў. Усё было прыгожа».
Цяпер «Арыс» чакаюць еўракубкі — дарэчы, у кваліфікацыі да іх клуб можа сустрэцца з барысаўскім БАТЭ. Кіпрскі футбол не хапае зорак з неба на еўрапейскай сцэне, але асноўны канкурэнт «Арыса» на востраве, «АПАЭЛ», дамагаўся там файных вынікаў. У сезоне 2011/2012 «АПАЭЛ» гуляў у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў, праз пяць гадоў клуб дайшоў да 1/16 Лігі Еўропы. Наўрад ці каманда Шпілеўскага хоча асароміцца на фоне такіх вынікаў.
«Трэба, каб беларусы, якія працуюць у спорце, верылі, што яны будуюць Дыснэйлэнд»
Маркетолагі кіпрскага клуба вельмі ганарацца зробленай працай, напрыклад, відэаролікамі сваёй вытворчасці.
Але ёсць у «Арысе» адна акцыя, што стала нечым накшталт жартоўнай візітоўкі клуба, бо пра яе шмат пісалі і ў Грэцыі, і ў іншых краінах. Гэтую акцыю клуб пачаў рабіць у першы год пасля вяртання ў вышэйшую лігу. Гаворка пра дзень цешчы.
Аляксей тлумачыць:
«Стаўленне да цешчы на Кіпры жартаўлівае, прыкладна такое ж, як і ў нас. Наша акцыя стала для кіпрыётаў надломам шаблонаў, бо ніхто тут ніколі не прапаноўваў цешчу за чалавека лічыць. А тут футбольны клуб кажа: «Сёння Міжнародны дзень цешчы, дык прыводзь яе на футбол, атрымаеш квіток, а там і цешчы падораць кветкі». Гэта тая акцыя, ад якой мы ўжо дакладна не будзем адмаўляцца, бо мы гэта любім і бачым, як яно працуе».
Дазорцаў дзеліцца, што для клуба важная шчырасць у камунікацыі: адкрыта казаць, што клуб лічыць патрэбным, шчыра віншаваць іншыя каманды і радавацца іх поспехам. Напрыклад, калі кіпрскія каманды едуць гуляць у еўракубках, «Арыс» заўжды зычыць ім перамагчы і выказвае сваю павагу. Гэта, паводле беларуса, нестандартны ход для Кіпра, бо раней на востраве так не рабілі. Сказаць нешта кепскае ў бок іншага — проста, але «Арысу» гэта не патрэбна, тут гуляюць у футбол.
Святкаванне чэмпіёнства «Арыса». Фота: архіў Аляксея Дазорцава
Аляксей кайфуе ад таго, што робіць: «Праца ў спорце, у прыватнасці, у футболе, мае такую спецыфіку, што ты маеш дужа моцныя ін’екцыі эндарфіну ад таго, што адбываецца, ад поспехаў. Кожны матч нібыта маленькі, але вельмі насычаны фестываль, таму я люблю тое, што раблю».
Дазорцаву пакуль не давялося папрацаваць у беларускім спорце, але некаторыя маркетынгавыя кейсы з нашай краіны прыцягвалі і яго ўвагу. Ён згадвае знакамітыя акцыі футбольнага брэсцкага «Дынама» — чаго варты толькі візіт у Брэст Дыега Марадоны ў свой час! Былі дні, калі «Дынама» магло дазволіць сабе такія амбітныя крокі.
Аднак Аляксей згадвае не толькі гэта:
«Быў у беларускім футболе адзін найцудоўнейшы кейс, які ні ад кога не залежаў. Маю на ўвазе час пандэміі, калі спорту ў свеце не было, а ў Беларусі ён не спыніўся. Гэта быў вялікі шанец расказаць пра сябе. Наколькі ім скарысталіся? Акрамя футбольнага клуба «Слуцк», які стаў тады шалёна папулярны за мяжой, наўрад ці, ды і ў Слуцку, мне падаецца, таксама не скарысталіся, але тады можна было бамбіць».
Беларус адзначае праекты, якія амбітна ныраюць у спартовы свет. Адзін з іх — футбольны клуб «Макслайн», які пэўны час існаваў у Рагачове, а цяпер пераехаў у Віцебск. Ён аказаўся перад вялікім выклікам: ты пераязджаеш у новы горад, табе трэба будаваць базу заўзятараў і паказваць вынікі, неяк замацоўвацца. Доўгі час у Віцебску быў адзін клуб, а цяпер «Макслайну» трэба на гэтай глебе будаваць свой брэнд. Аляксей падкрэслівае, што клуб праводзіць вельмі шмат маркетынгавых актыўнасцяў, і верыць у поспех праекта.
Дазорцаў аптымістычна кажа, што беларусы, якія ідуць працаваць у футбол, вельмі таленавітыя, але трэба яшчэ і мець вялікі імпэт да гэтай сферы. Калі гэта ўсё ёсць, далей варта не баяцца працаваць. Вядома, прызнае спецыяліст, у некаторых клубах можна сутыкнуцца з неразуменнем кіраўніцтва, але трэба адстойваць свае ідэі.
Таксама Аляксей раіць займацца самаадукацыяй, і цяпер гэта стала нашмат прасцей зрабіць: можна прачытаць пра тое, як свае маркетынгавыя кейсы рэалізуюць клубы з усяго свету. Існуюць разнастайныя курсы, якія дадуць метадалогію і патлумачаць, як упарадкоўваць тыя ці іншыя ідэі і будаваць стратэгію ці план, разбірацца, навошта рабіць тую ці іншую актыўнасць.
«Трэба, каб беларусы, якія працуюць у спорце, верылі, што яны будуюць Дыснэйлэнд, а гэта якраз так. І калі ты працуеш у маленькім клубе ці ў маленькім горадзе, гэта нават лепш, бо ўся твая супольнасць — на дыстанцыі выцягнутай рукі. Ты ведаеш гэтых людзей, ведаеш, што ім патрэбна, і адчуваеш іх лепш, чым хто-небудзь іншы», — натхняе беларус.
Як гэтая карціна сумяшчаецца з банам беларускіх спартоўцаў за ўдзел у вайне і з існаваннем беларускага спорту пры дыктатуры? Аляксей мяркуе, што і ў такіх умовах магчыма рэалізоўваць свае ідэі:
«Усё наша пакаленне, ды і мінулае таксама, жыве ў краіне немагчымасцяў, і беларусы заўжды спадзяваліся толькі на сябе. Калі ты знаходзішся на такой тэрыторыі, якраз праз тое, што ты ўсё жыццё шукаеш магчымасці, у цябе выхоўваецца крэатыўнасць. Вось таму я веру, што беларускія маркетолагі, калі не будуць баяцца шукаць шлях рэалізацыі сябе, заўжды будуць на высокім узроўні».
Чытайце таксама:
БАТЭ, калі пройдзе «Партызані», згуляе з кіпрскім «Арысам»
Беларус прывёў «Арыс» да залатых медалёў чэмпіянату Кіпра
Раней за Глеба і Домрачаву. Зашквары беларускага спорту да 2020 года