Дзве партыі прайшлі перарэгістрацыю ў Мінюсце
Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі і Камуністычная партыя Беларусі прайшлі перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, як піша БелТА.
23.06.2023 / 11:33
Сяргей Хаменка. Фота: БелТА
Сёння міністр юстыцыі Сяргей Хаменка ўручыў лідарам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і Камуністычнай партыі Беларусі дакументы, якія пацвярджаюць іх перарэгістрацыю. Гэтыя палітычныя партыі, паводле ўладаў, адпавядаюць патрабаванням, вызначаным у новай рэдакцыі закона Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях».
«Ёсць словы, сказаныя Аляксандрам Лукашэнкам, якія сталі стратэгіяй развіцця нашай краіны, — жыць трэба па законе. І сённяшняя падзея яшчэ раз падкрэслівае, што жыць па законе неабходна ва ўсіх сферах. А сфера палітычнага будаўніцтва — адна з асноўных для развіцця нашай дзяржавы, — адзначыў Сяргей Хаменка. — Сёння па выніках працы па праверцы дакументаў і рэальнасці праведзеных дзеянняў прайшла перарэгістрацыя дзвюх палітычных партый: Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і Камуністычнай партыі Беларусі».
Раней стала вядома, што не будзе перарэгістраваная партыя «Зялёныя», якая падала дакументы без персанальных даных. Таксама не падавала спісы сяброў партыя «Справядлівы свет». Дакументы на рэгістрацыю падала новаствораная партыя «Белая Русь» і «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» Сяргея Чэрачня.
Чытайце таксама:
Міністэрства юстыцыі адмовіла першай партыі ў перарэгістрацыі
«Гаворкі пра сыход у падполле няма». Лідары палітычных партый агучылі свае планы