Беларускія клубы вызначыліся, дзе будуць гуляць «хатнія» паядынкі ў еўракубках
З-за вайны ва Украіне беларускія футбольныя клубы свае хатнія паядынкі павінны праводзіць на нейтральным полі і без гледачоў.
24.06.2023 / 10:29
Фота: Uefa.com
БАТЭ, «Нёман» і «Тарпеда-БелАЗ» хатнія матчы ў еўракубках правядуць у Венгрыі, а мінскае «Дынама» прыме сапернікаў у сталіцы Азербайджана, як паведаміў партал Sport5.by.
БАТЭ ў першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў сустрэнецца з албанскім «Партызані» (Тырана).
Сапернікам «Нёмана» ў стартавым раўндзе Лігі канферэнцый стане «Вадуц» (Ліхтэнштэйн), мінскае «Дынама» згуляе з баснійскім «Жалезнічарам» (Сараева).
«Тарпеда-БелАЗ» стартуе з другога круга Лігі канферэнцый: ён згуляе супраць клуба «АЕК» з Ларнакі.