У Беларусь ляціць прэзідэнт, які кіруе сваёй краінай 44 гады
У панядзелак Аляксандр Лукашэнка прыме ў гасцях лідара Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея Тэадора Абіянга Нгема Мбасога, яны правядуць перамовы.
24.06.2023 / 14:31
Тэадора Абіянг Нгема Мбасога Фота: Wikimedia Commons
Афіцыйны візіт Мбасога ў Мінск пачнецца ў нядзелю, 25 чэрвеня, і прадоўжыцца два дні. Запланаваны афіцыйная сустрэча і перамовы ў вузкім і пашыраным складах, яны пройдуць у Палацы Незалежнасці.
Па выніках сустрэчы на найвышэйшым узроўні бакі маюць намер падпісаць пакет двухбаковых дакументаў, у якіх гаворка ідзе аб развіцці адносін у розных напрамках ― ад эканомікі да гуманітарнай сферы.
У ходзе візіту лідару Экватарыяльнай Гвінеі прадэманструюць магчымасці прамысловага і аграрнага сектараў Беларусі.
У Экватарыяльнай Гвінеі ёсць багатыя нафтавыя радовішчы, якія разам з замежнымі інвестыцыямі дапамаглі зрабіць краіну адной з самых заможных і стабільных дзяржаў Афрыкі. Пачынаючы з 1990-х гадоў гэта краіна стала буйным экспарцёрам нафты, за кошт чаго ВУП на душу насельніцтва падняўся на першую пазіцыю ў кантынентальнай Афрыцы. Па індэксе чалавечага развіцця Экватарыяльная Гвінея знаходзіцца на 145-м месцы ў свеце.
Тэадора Абіянгу Нгема Мбасога — 81 год. Ён быў кадравым вайскоўцам, камандуючым Нацыянальнай гвардыяй. У жніўні 1979 года ажыццявіў вайсковы пераварот і зрынуў пажыццёвага прэзідэнта краіны, свайго роднага дзядзьку — Франсіска Масіяса Нгема. Потым дзядзьку прысудзілі смяротнае пакаранне і ў той жа дзень расстралялі.
Тэадора Абіянг Нгема Мбасога кіруе краінай амаль 44 гады. Са студзеня 1986 года адначасова займае таксама пасаду міністра абароны краіны. На выбарах 1996 года ён быў адзіным кандыдатам і за яго прагаласавалі 97,85% чалавек. На наступных прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў 2002 годзе, ён быў зноў пераабраны 97,1% галасоў.
Таксама Тэадора Абіянг Нгема Мбасога часта прызначае на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады сваіх сваякоў. Тэадора Нгема Абіянг Мангу, сын прэзідэнта ад першага шлюбу, у розны час працаваў міністрам лесу, рыбнай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя (2001—2003), міністрам інфраструктуры і лесу (2003—2004), а з 2004 года ўзначальвае Міністэрства сельскай гаспадаркі і лесу.
Габрыэль Мбега Абіянг Ліма, сын прэзідэнта ад другога шлюбу, быў дзяржаўным сакратаром па здабыўной прамысловасці і вуглевадародах (2001—2004), затым быў прызначаны намеснікам міністра горназдабыўной прамысловасці і энергетыкі. Антоніа Мба Нгема, малодшы брат прэзідэнта, працаваў генеральным дырэктарам паліцыі.
І такіх сваякоў яшчэ з дзясятак.