Кіраўнік Рады бяспекі Украіны не выключыў удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Сакратар Рады нацбяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў дапусціў, што Аляксандр Лукашэнка можа ўзяць удзел у перамовах па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку. 

25.06.2023 / 15:08

Аляксей Данілаў. Фота: УНІАН

«Сапраўдная група расійскіх будучых перамоўшчыкаў з Украінай ужо ёсць, але пакуль яна застаецца ў цені, аднак не выключаны ўдзел у гэтым працэсе Лукашэнкі», — напісаў ён на сваёй старонцы.

Данілаў таксама выказаў меркаванне, што «бунт» Прыгожына — першы этап дэмантажу пуцінскай сістэмы.

Паводле яго, Прыгожын — гэта толькі частка групы і частка плана, вяршыня айсберга працэсу дэстабілізацыі. Данілаў сцвярджае, што ў Расіі сфармавалася група незадаволеных сілавікоў, чыноўнікаў і алігархаў, якія лічаць дзеянні Пуціна смяротна небяспечнымі для ўласных інтарэсаў і свайго існавання, пагрозай для Расіі.

«Рэжыму Пуціна «нажом у спіну» нанесены калі не імгненна смяротны, але дакладна непазбежны, хоць і адтэрмінаваны ў часе ўдар», — напісаў Данілаў.

Ён дадаў, што «казус Прыгожына» можа запусціць працэсы з непрадказальнымі наступствамі.

Учора стала вядома, што дамовіцца з вагнераўцамі, спыніць іх паход на Маскву дапамог Аляксандр Лукашэнка. 

Nashaniva.com