Яўген Прыгожын застаецца пад следствам па справе аб мяцяжы — медыя

Як стала вядома «Коммерсанту», на раніцу 26 чэрвеня крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага бунту (арт. 279 КК РФ), галоўным фігурантам якой стаў заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын, не спыненая. 

26.06.2023 / 10:46

Яўген Прыгожын. Фота: Getty Images

Яе працягвае расследаваць следчае ўпраўленне ФСБ Расіі.

Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы РИА Новости і ТАСС, блізкія да Генпракуратуры РФ.

Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын увечары 23 чэрвеня пачаў вайсковы пераварот у Расіі, назваўшы яго «маршам справядлівасці».

Ранкам 24 чэрвеня найміты захапілі Растоў-на-Доне і накіравалі калону ў напрамку Масквы.

Яўген Прыгожын патрабаваў выдаць міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава, абвінавачваючы іх у злачынным кіраванні расійскай арміяй.

ФСБ завяла супраць Прыгожына крымінальную справу аб вайсковым мяцяжы. Уладзімір Пуцін, а ўслед за ім і іншыя расійскія афіцыйныя асобы назвалі тое, што адбываецца, здрадай.

Увечары 24 чэрвеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі абвясціла, што Прыгожын падчас перамоў з ім пагадзіўся спыніць наймітаў.

Услед за гэтым Прыгожын паведаміў, што найміты разгортваюць свае калоны і «адыходзяць у зваротным кірунку ў палявыя лагеры згодна з планам».

У Крамлі заявілі, што крымінальную справу супраць Прыгожына спыняць, а сам ён з'едзе ў Беларусь.

Апошні раз Прыгожына бачылі 24 чэрвеня, калі ён на машыне пакідаў Растоў пад апладысменты людзей. 

Nashaniva.com