Беларусь атрымала самую нізкую цану на газ з Расіі ў свеце да 2031 года

Базавая доўгатэрміновая дамова з «Газпрамам» па гарантаваных аб'ёмах пастаўкі газу ў краіну дзейнічае восем гадоў, як заявіў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

26.06.2023 / 15:23

Фота: «Наша Ніва»

«І яшчэ важны момант: ёсць рашэнне Уладзіміра Пуціна, каб Беларусь у рамках доўгатэрміновага кантракта з «Газпрамам» да 2031 года мела самую нізкую цану на газ у свеце для трэціх краін», — цытуе дыпламата «РИА Новости».

Паводле яго слоў, гэтае рашэнне стала базавай умовай для ўрадаў абедзвюх краін, якое яны будуць выконваць у ходзе абмеркавання паставак энерганосьбітаў з Расіі ў Беларусь.

«У частцы цэнаўтварэння кіраўнікі краін дамовіліся прадоўжыць формулу, якая дзейнічала апошнія тры гады, на наступны трохгадовы перыяд — да 2026 года», — удакладніў пасол.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў снежні Пуціну і Лукашэнку пакажуць методыку, якая дазволіць зблізіць формулы разлікаў цэнаў на блакітнае паліва з улікам структуры эканомікі.

«Калі, дапусцім, у Смаленску большасць газу спажываецца насельніцтвам, то ў Беларусі структура іншая: насельніцтва, наадварот, спажывае мала газу як рэсурсу, увесь газ фактычна спажываецца прамысловасцю і электраэнергетычным сектарам», — апісаў сітуацыю Дзмітрый Круты.

Цяпер ідзе абмеркаванне на экспертным узроўні, потым беларускія прапановы звераць з методыкай Федэральнай антыманапольнай службы.

«Я думаю, што ўсе разлікі мы скончым ужо да восені. Затым абмеркаванне на ўзроўні ўрада. І потым ужо будзе даклад Лукашэнку», — дадаў ён.

Цяпер Мінск плаціць за расійскі газ $127,52 за тысячу «кубоў». Гэтая цана будзе дзейнічаць да 2026 года.

Nashaniva.com