Азаронак у майцы з Z спаліў беларускі сцяг у лесе, дзе разводзіць вогнішча забаронена

Прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй Лазуткін палілі беларускі сцяг. Знішчэнне сцяга лукашысты прысвяцілі ганебнаму выгнанню з мінскага Дома культуры на Матусевіча расійскіх нацыянал-бальшавікоў. Але ёсць нюанс не толькі з самім учынкам прапагандыстаў, але і з месцам, дзе ён адбыўся.

26.06.2023 / 20:17

Азаронак і Лазуткін паляць у лесе нацыянальны сцяг. Фота: скрын відэа СТБ

Рэпартаж са спальваннем сцяга Азаронак прысвяціў падзеі, якая адбылася ў сярэдзіне 1990-х. Тады расійскія нацыянал-бальшавікі на чале са сваім лідарам Эдуардам Лімонавым вырашылі дапамагчы Лукашэнку стварыць моладзевую арганізацыю і заадно пафестываліць. Давялося, аднак, ратуючы сябе, уцякаць.

Азаронак з Лазуткіным у перадачы дэманстратыўна спалілі ў лесе бел-чырвона-белы сцяг.

Азаронак паліў беларускі сімвал у Z-майцы.

Свой учынак лукашысты прыраўнялі да акцыі расійскіх нацыянал-бальшавікоў.

Ахопленае полымем палотнішча абпаліла рукі Азаронку.

За здзек са сцяга лукашыстаў, вядома, не пакараюць. Але цікава іншае: спальваць яго яны паехалі ў Мінскі раён, дзе праз засушлівае гарачае надвор’е абмежаванае наведванне лясоў (гэта значыць, што паліць вогнішча там забаронена).

Супрацоўнікі прыродаахоўнай службы, куды звярнуўся чытач «Нашай Нівы», не ведалі, пра каго гаворка, і параілі напісаць заяву на парушальніка.

«Наогул гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Абмежаванні ж уводзяць, каб абараніць лясы ад пажараў», — даводзілі чытачу ў лясгасе.

Згодна з Кодэксам адміністрацыйных правапарушэнняў, Азаронка і Лазуткіна мусяць аштрафаваць на 925 рублёў (25 базавых велічыняў).

Калі чытач сказаў, хто парушальнік, суразмоўцы сталі пераконваць яго не ўвязвацца ў такую справу.

«Ён жа там не проста вогнішча расклаў, але там былі здымкі. Аператар, яшчэ нехта. Таму вынесуць рашэнне, што пагрозы ніякай не было.

Можа, у іх і дазвол быў. Гэта такая была спроба… Ён жа гэтым займаецца. Гэта яго праца», — змянілі парады прыродаахоўнікі.

Азаронак аблівае сцяг гаручай вадкасцю, а Лазуткін стаіць на ім. Фота: скрын відэа СТБ

Выхадка Азаронка са сцягам — звыклая манера яго паводзін на камеру. 

У сваіх перадачах Азаронак абражае прыхільнікаў дэмакратычнага руху, падтрымлівае баявыя дзеянні Расіі ва Украіне і рэпрэсіі, учыненыя лукашыстамі ў Беларусі, ды спявае славаслоўі Лукашэнку.

Лукашэнка ў сваю чаргу падарыў Азаронку кувалду.

Глядзіце таксама:

«Не прэзідэнту Беларусі пра гэта гаварыць». Беларускія прапагандысты пераляканыя мяцяжом Прыгожына

Азаронак выступіў з выключнымі антысеміцкімі заявамі

«А ці будзе створаны рэсурс накшталт Tut.by?» Што прапагандысты кажуць беларусам на сустрэчах і якія пытанні ім задаюць людзі

«Беларус» з рэпартажу Азаронка, які ваюе за Расію, аказаўся ўраджэнцам Сургута

Васіль Вашчыла