Пуцін прызнаў, што ПВК «Вагнер» фінансавалася за кошт дзяржавы
Падчас сустрэчы з вайскоўцамі ў прадстаўнічым кабінеце Крамля прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што «прыватная» вайсковая кампанія «Вагнер» цалкам забяспечвалася дзяржавай.
27.06.2023 / 15:56
Фота: AP
«Хачу, каб мы ўсе ведалі пра гэта. Утрыманне групы «Вагнер» цалкам забяспечвалася дзяржавай, з Міністэрства абароны, з дзяржаўнага бюджэту, мы цалкам фінансавалі гэтую групу», — сказаў Пуцін.
Паводле ягоных слоў, з мая 2022 да мая 2023 года расійскія ўлады выдзелілі ПВК на грашовае ўтрыманне байцоў і стымулюючыя выплаты больш за 86 млрд расійскіх рублёў (каля мільярда даляраў). А ўладальнік «Вагнера», кампанія «Канкорд», за год праз ваенгандаль зарабіла 80 мільярдаў рублёў, як паведаміў Пуцін.
«Спадзяюся, што ніхто нічога не скраў або скраў паменш, але мы будзем з гэтым усім разбірацца», — дадаў ён.
Пры гэтым дагэтуль на працягу некалькіх гадоў кіраўніцтва Расіі настойвала, што ПВК «Вагнер» ніяк не звязаная з расійскім урадам. У маі мінулага года, ужо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў, напрыклад, заяўляў: «Вагнер» — гэта прыватная вайсковая кампанія, якая не мае дачынення да расійскай дзяржавы».
Чытайце таксама:
Пасля мяцяжу «вагнераўцаў» ад міжнароднага аўтарытэту Пуціна застаўся пыл — Le Monde
Баяліся разгайдаць лодку. Падчас бунту Прыгожына саюзнікі прасілі Украіну не біць па Расіі