«Беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 года не забытыя». Наталля Пінчук выступіла ў Еўрапарламенце
У падкамітэце па правах чалавека Еўрапейскага парламента 28 чэрвеня абмеркавалі сітуацыю з правамі чалавека і палітвязнямі ў Беларусі. На абмеркаванне беларускіх праблем запрасілі Наталлю Пінчук, жонку палітзняволенага заснавальніка і старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, піша «Радыё Свабода».
28.06.2023 / 22:02
На слуханні прысутнічала каля 20 еўрадэпутатаў, якія цікавіліся, як дапамагчы беларускім палітвязням і іх сем'ям, выказвалі прапановы, як прыцягнуць улады Беларусі да адказнасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека. Гучалі прапановы, як зрабіць, каб інстытут апекуноў беларускіх палітвязняў з ліку еўрадэпутатаў дзейнічаў больш эфектыўна.
Наталля Пінчук сярод іншага заявіла:
«Калі б сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі была іншая, калі б з 1995 года Лукашэнку не ўдалося крок за крокам іх знішчыць — пры маўклівым сузіранні дэмакратычнага свету, — можа, не было б сённяшняй трагедыі ўкраінскага народа. Свабодная і незалежная еўрапейская Беларусь проста зрабіла б такія сцэнары немагчымымі.
Памылкова лічыць, што з рэжымам трэба таргавацца і «не заганяць яго ў кут», бо іначай ён, маўляў, здасць Беларусь Расіі. Нішто не перашкаджала яму зрабіць дэманстратыўны гуманітарны крок (напрыклад, адпусціць хранічна хворых, пажылых, шматдзетных). Але не, замест гэтага ён толькі захоплівае новых закладнікаў, каб сеяць страх. Бо беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 года не забытыя».
Наталля Пінчук выказала спадзяванне, што краіны Еўрапейскага саюза, лідары свету ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў прымусяць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Чырвоны Крыж, выконваць сваю місію.
Пінчук заявіла, што дыктатура Лукашэнкі працягвае адбіраць у беларусаў права на ідэнтычнасць:
«За 2020—2023 гады фармальна закрытыя ўсе без вынятку незалежныя арганізацыі, якія займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры. Зняволеныя сотні педагогаў, пісьменнікаў, музыкантаў і мастакоў. За беларускую мову б’юць у аддзелах міліцыі і пераследуюць у адміністрацыйных турмах. Медыя, якія спецыялізуюцца на гісторыі і культуры, абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Перапісваюцца школьныя падручнікі. Адбываюцца чысткі кніг у бібліятэках. Гэта прыкметы этнацыду».
Чытайце таксама:
Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Еўрапейскай рады
Аб’яднаны пераходны кабінет выдаў заяву, якой дэнансаваў інтэграцыйныя дамовы з Расіяй
НАУ перадало ў Гаагу доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі і ягоных прыхільнікаў