Андрэя Дзмітрыева перавялі ў калонію «Віцьба»
Палітык Андрэй Дзмітрыеў, лідар ліквідаванай арганізацыі «Гавары праўду» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, пераведзены з СІЗА-1 Мінска ў калонію, піша «Люстэрка».
29.06.2023 / 14:12
Андрэй Дзмітрыеў пасля рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты, 14 ліпеня 2020 года
Гэта адбылося 28 чэрвеня. 23 чэрвеня Мінскі гарадскі суд адхіліў апеляцыйную скаргу палітыка і пакінуў яго прысуд у сіле.
Дзмітрыева накіравалі ў папраўчую калонію №3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам.
У гэтай калоніі цяпер утрымліваюцца 104 чалавекі, прызнаныя палітвязнямі. Сярод іх — юрыст штаба Бабарыкі Максім Знак, праваабаронца Леанід Судаленка, экс-дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў, экс-следчы Яўген Юшкевіч, актывіст Максім Вінярскі, экс-памочнік пракурора Яўген Бабак.
Андрэя Дзмітрыева 6 красавіка 2023 года асудзілі да 1,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 342 КК — «Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Яго затрымалі 11 студзеня. Палітыку паставілі ў віну ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні і верасні 2020 года ў Мінску.
У пачатку мая ў Андрэя Дзмітрыева памерла маці, якая цяжка перажывала зняволенне сына. На пахаванне яго не адпусцілі.
Чытайце таксама:
«Кожную раніцу чытае Біблію на беларускай мове». Як трымаецца ў СІЗА Андрэй Дзмітрыеў