Асуджаны па «справе Аўтуховіча» Уладзімір Гундар 7 дзён правёў у ШІЗА бабруйскай калоніі
Пачынаючы з 9 чэрвеня асуджаны па «справе Аўтуховіча» Уладзімір Гундар ужо 7 дзён правёў у ШІЗА бабруйскай калоніі, паведамляе «Медыязона» на падставе сведчанняў знаёмых палітвязня.
29.06.2023 / 22:21
Уладзімір Гундар за кратамі. Фота з суда
Блізкія асуджанага распавялі, што 7 чэрвеня Гундара адправілі на «этап». 8 чэрвеня ноччу яго прывезлі ў бабруйскую калонію. 9 чэрвеня ён быў змешчаны ў «каранцін» на два тыдні.
Знаёмыя асуджанага кажуць, што першы раз яго змясцілі ў ШІЗА 14 чэрвеня на чацвёра сутак. Другі раз мужчыну адправілі ў ШІЗА ў дваццатых чыслах на трое сутак.
Знаёмыя Гундара лічаць, што яго змяшчаюць у ШІЗА за тое, што ён адмаўляецца падпісваць любыя дакументы. Тым самым яны «рыхтуюць глебу» для завядзення новай крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» (артыкул 411 КК).
У 2021 годзе фігуранта «справы Аўтуховіча» 60-гадовага Уладзіміра Гундара асудзілі да 3 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў гвалце над следчым (частка 1 артыкула 366 КК). У кастрычніку 2022 года суд асудзіў мужчыну да 18 гадоў калоніі. Яго прызналі нібыта вінаватым у стварэнні злачыннай арганізацыі (частка 1 артыкула 285 КК) і замаху на захоп улады (частка 1 артыкула 14 і частка 2 артыкула 357 КК).
Чытайце таксама:
Спартыўнага дырэктара гродзенскага «Нёмана» выпусцілі
Кірылу Клімава асудзілі на чатыры гады за шэсць данатаў па дзесяць даляраў
Палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка стала «Выбітнай выпускніцай» ЕГУ