«Не мог стаяць на нагах, хістаўся з боку ў бок». П'яны маршрутчык у Мастах з 3,1 праміле вёз 12 пасажыраў

Увечары 12 чэрвеня ў міліцыю паступіла паведамленне ад кіроўцы фуры. Ён сказаў, што на аўтадарозе Р41 пры сустрэчным раз'ездзе з маршруткай «Атлас» западозрыў, што кіроўца п'яны.

01.07.2023 / 08:32

Паблізу аграгарадка Дубна супрацоўнікі ДАІ спынілі той самы аўтамабіль Mercedes-Benz. У салоне было 12 пасажыраў. У кіроўцы сапраўды былі прыкметы алкагольнага ап'янення. Пры правядзенні агляду ў прыёмным аддзяленні Мастоўскай ЦРБ было вызначана 3,1 праміле алкаголю, як піша «Аўтабізнэс».

У дачыненні да кіроўцы, які кіраваў аўтамабілем у такім стане, склалі пратакол. 21 чэрвеня мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў 7400 рублёў з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на 5 гадоў.

Дальнабойшчыка, які паведаміў пра нецвярозага кіроўцу маршруткі, выклікалі ў Мастоўскі РАУС, дзе падзякавалі за неабыякавую грамадзянскую пазіцыю.

Пра што думалі тыя 12 пасажыраў у маршрутцы, якіх вёз п'яны кіроўца? Бо калі яго затрымалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, ён не мог стаяць на нагах, хістаўся з боку ў бок. Бачачы такое і адчуваючы пах алкаголю ў салоне, ніхто з іх не патэлефанаваў у міліцыю.

Nashaniva.com