Мінабароны Украіны: Паўсюль цяпер горача. Але паступова на некаторых напрамках прасоўваемся
Пра сітуацыю на ўкраінскім фронце паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у тэлеграме.
02.07.2023 / 20:52
Хлопчык размахвае ўкраінскім сцягам, калі бронетранспарцёр украінскай арміі накіроўваецца да Бахмуцкай лініі фронту ў Славянску, 27 чэрвеня 2023 г. Фота: Celestino Arce / NurPhoto via Getty Images
Маляр напісала, што расійскія войскі наступаюць на некалькіх кірунках — Аўдзееўскім, Мар'інскім, Ліманскім. Таксама расійскія салдаты рушылі наперад на Сватаўскім кірунку. «Паўсюль цяпер горача», — адзначае яна.
«Праціўнік атакуе Белагораўку, Серабранку», — піша Маляр.
На Бахмуцкім напрамку, паводле яе, на паўднёвым флангу УСУ рухаюцца наперад і маюць частковы поспех. А на паўночны фланг расіяне перакінулі два дэсантна-штурмавыя палкі.
«З цяжкімі баямі, але паступова на Бярдзянскім і Мелітопальскім напрамках прасоўваемся», — дадала яна.