У Гаазе запрацаваў Міжнародны цэнтр па расследаванні вайны ва Украіне — першы крок да трыбунала над расійскімі ўладамі

У Міжнародны цэнтр судовага пераследу за злачынствы агрэсіі (ICPA) уваходзяць пракуроры з Кіева, ЕС, ЗША і Міжнароднага крымінальнага суда, як паведамляе Руская служба Бі-бі-сі.

03.07.2023 / 16:38

«Дзякуючы ICPA незалежныя пракуроры з розных краін змогуць штодня працаваць разам у адным месцы, хутка і эфектыўна абменьвацца доказамі і ўзгадняць агульную стратэгію расследавання і судовага пераследу, — гаворыцца ў прэс-рэлізе аб стварэнні цэнтра. — Праца ICPA дазволіць эфектыўна падрыхтаваць і ўнесці ўклад у будучы судовы пераслед злачынстваў агрэсіі».

Гэта значыць, праца цэнтра — гэта першы крок да стварэння спецыяльнага трыбунала, які мог бы прыцягнуць да адказнасці расійскіх чыноўнікаў за развязванне вайны супраць Украіны.

Вайна ва Украіне самая задакументаваная ў гісторыі, як падкрэсліваюць стваральнікі цэнтра, і ўпершыню актыўнае расследаванне злачынстваў агрэсіі праводзіцца ўжо ў працэсе вайны, а не пасля яе заканчэння.

«У той жа час мы маем справу з міжнародным злачынствам, якое рэдка пераследавалася ў судовым парадку і ў дачыненні да якога не існуе стандартнай практыкі», — пішуць яны.

Да гэтага часу адзіным абвінавачаннем, высунутым міжнароднай арганізацыяй супраць расійскіх улад у кантэксце вайны ва Украіне, быў ордар на арышт Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай, выпісаны Міжнародным крымінальным судом. Абвінавачанні супраць іх тычацца выключна дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Nashaniva.com